Дваццатку сама касавых фільмаў у менскім пракаце ўзначальвае расейскі “Дзённы дазор”. У ганаровую пяцёрку ўваходзяць таксама маскоўскія “Сволачы” і другая частка “Бумэра”. “Дзённы дазор” апярэдзіў нават “Піратаў Карыбскага мора” з сундуком мерцьвяка, а “Сволачы” саступілі “Парфуме”.

Калі пра мастацкія вартасьці “Дзённага дазору” шчэ можно нешта сказаць, то для іншых расейскіх гітоў і слова ня знойдзецца. Гэта асабліва тычыцца “Паляваньня на піраньню” і “Ведзьмы”. Але гэныя фільмы суседнічаюць “Кінг Конгам”, “Апакаліпсісам”, “Казановай”, “Хронікамі Нарніі” і апошняй часткай “Гары Потэра”.

Такі посьпех не тлумачыцца адміністрацыйным рэсурсам, калі пракат – як за савецкім часам – жорстка кантраляваўся. Расея вяртаецца на беларускія экраны, дзякуючы расейскаму капіталу.

Увесь пракат завязаны на Расею – і заходнія фільмы мы таксакма атрымліваем праз маскоўскае пасярэдніцтва. Нельга адкідаць і сталага знаёмства беларусаў з расейскімі акторамі-брэндамі, дый з расейскаю рэчаіснасью – што таксама дапамагае прадаць фільм.

Але найважнейшы чыньнік – жанравы. Нафта-газавы капітал спрабуе рабіць жанравае кіно. Пакуль атрымліваецца ня вельмі ўцямна, але жанравыя абгорткі ідэальна пасуюць для масавых продажаў.

На гэтым тле губляецца беларускае кіно. Фільм “Нябачаны край” Віктара Асьлюка быў пастаўлены паводле апавяданьня Міхася Зарэцкага – і цалкам зроблены на беларускай мове. Аўтарская стужка пракатвалася ціха і незаўважна – у аддаленым кінатэатры “Камсамолец” – дый тое на дзіцячых сэансах.

Але абвінавачваць менскіх пракатчыкаў у поўнай няздольнасьці паказваць беларускае кіно – нельга. Пракат сёньня – справа камэрцыі й рэклямы, якую збольшага забясьпечвае вытворца.

Расейцы ўжо ўкладаюць вялікія грошы ў прапаганду сваіх кінафільмаў. Бюджэт амэрыканскіх стужак почасту да паловы складаецца з рэклямных выдаткаў.

Але для “Беларусьфільму” – рэкляма й граматная прэзэнтацыя – па-за межамі дапушчальнага. Адпаведным атрымліваецца й мясцовы пракат – цалкам пазбаўлены рэклямных “абгортак”.

Атака расейскага кіно можа выклікаць непакой – а можа й даваць прыклад кінавытворчасьці й кінапіяру. З засваеньнем гэнага досьведу вынікі наступных гадоў могуць стацца й іншымі.

Усе кінападзеі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?