Вячаслава Адамчыка цяпер чытаюць менш як Быкава ці пагатоў Караткевіча. Між тым, мала хто настолькі адчуваў беларускую мову, як Адамчык.

Кепскія ўзоры гадуюць кепскае маўленне. Творы Адамчыка яскрава паказваюць, што беларуская мова — гэта абсалютна адметная сістэма.

Гэтая нататка нічога новага не адкрывае. Пра тое, што мова — сістэмная з’ява, людзі былі пісаўшы і на by_mova (была такая суполка ў жж). Неаднакроць даводзіў гэтую думку, напрыклад, Пацюпа. Але адна рэч — перададзеныя кімсьці абстрактныя веды. Зусім іншая — практычны досвед.

Таму тут не будзе спісу словаў, якіх можна навучыцца ў Адамчыка. Хоць такіх — свет; гэта густа браная тканіна, вынік напружанай работы (што відаць і з дзённікаў Адамчыка савецкае пары, якія выходзіўшы былі ў «Маладосці», потым асобнай кніжкай).

Выпісваць словы няма сэнсу, бо гаворка не пра лексіку. Гаворка пра супольнасць мовы і метафары. Сістэмнае функцыянаванне мовы — не толькі рэгулярнасці накшталт скланення адмоўных займеннікаў або сінтэтычнага будучага часу. Гэта таксама здольнасць ствараць абстракцыі.

Вялікі абшар беларускай лексікі застаўся незапатрабаваны, бо беларуская метафара спрэс руская. Многія ўжываюць «некалькі» ў сэнсе «крыху» — і «Руска-беларуска слоўнік» гэта дазваляе (цікава, што тлумачальны — не). У іншых мовах такі лішак значэнняў утвараецца іначай (напрыклад, па-нямецку: нешта — etwas — значыць і крыху).

Адамчык дэманструе той аблог, які мог бы ў належных умовах утварыць столькі прыгажосці. Чаго варты адзін дзеяслоў «напытаць». Хай бы нехта з чытачоў зірнуў на skarnik.by, у тлумачальным слоўніку, што гэты дзеяслоў значыць. Сенсацыя не проста ў тым, што гэты дзеяслоў прапаў. Сенсацыя ў тым, што ён нават не трапіў у малакрэўны слоўнік беларускай безэквівалентнай лексікі. А слова гэтае ведаў нават Барыс Сачанка — чыя беларуская мова такая ж пасрэдная, як і творы.

Тут шмат каго можна вінаваціць. Але найперш хіба супольнасць беларускамоўных. Мы засвоілі і паўтаралі (а некаторыя і дасюль паўтараюць) хібныя, недарэчныя ўстаноўкі. Слоўнік Крапівы быў надоўга дыскрэдытаваны; заміж слоўніка сістэмна пазычалі ў палякаў, украінцаў і расейцаў. Сапраўды: слоўнік Крапівы патрабуе работы (гэта ўласцівасць слоўніка; дарма што Борхес называў іх самымі займальнымі кніжкамі). Змаганне за мяккі знак выгоднейшае: яно патрабавала мала моўнай работы.

Яшчэ лепш функцыянавала лацінка. Варта запісаць не кірыліцай — і ўжо нават слова «жэманна» пойдзе за беларускую мову.

У выніку такіх недарэчных вызначэнняў мэты супольнасць беларускай мовы да сёння — ледзь-ледзь супольнасць мовы і зусім не супольнасць метафары. Свае абстракцыі, дадатковыя сэнсы штодзённых слоў беларуская мова амаль цалкам пазычае ў расейскай, усё яшчэ функцыянуючы як ейны атожылак. Сінергетыка беларускай мовы па-ранейшаму ідзе з Масквы: сістэмна самаарганізавацца беларуская мова не патрапляе. У выніку маем так шмат моўна нуднай літаратуры, аднастайную мову палітыкаў, правільную, але нежывую мову «Белсата». 

* * *

Пытанне гэтай нататкі — глабальнае для беларускай культуры і для беларускай мовы. Адамчык у дзённіках сфармуляваў яго так: няўжо беларускай песні суджана загінуць? Дзесяцігоддзі самастойнага развіцця беларускай культуры схільныя пацвярджаць роспач Адамчыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?