Генеральный продюсер «Первой Киновидеокомпании» Виктор Лобкович стал объектом критики Андрея Курейчика

Генеральный продюсер «Первой Киновидеокомпании» Виктор Лобкович стал объектом критики Андрея Курейчика

Минкульт поддержал проекты экранизаций книг «Радзіва Прудок» Андрея Горвата и «Сфагнум» Виктора Мартиновича. Сценарист Андрей Курейчик и директор телевизионного продюсерского центра Владимир Беляев написали жалобы в Министерство антимонопольного регулирования и торговли, и Министерство культуры приостановило закупку упомянутых фильмов.

За апошні час Мінкульт правёў некалькі так званых тэндараў дзяржзакупак, праз які чатыры кінапраекты атрымалі бюджэтныя грошы — ніводны з іх не належыць «Беларусьфільму», затое адразу тры прадстаўляе «Першая КінаВідэаКампанія», вядомая дакументальным фільмам «Дэбют», стужкай «Унутры сябе», кліпам «8 Сакавіка» Уладзіміра Галыгіна і «Ленінграда» ды іншымі рэчамі. Яна ж павінна была ўзяцца за «Радзіва «Прудок», і хоць гэты праект аказаўся пад пытаннем, да рэалізацыі ўсё яшчэ рыхтуюцца серыял пра Уладзіміра Мулявіна і фільм Андрэя Кудзіненкі пра спартоўца Уладзіміра Мядзведзя. Жарсці беларускай кінасферы абмяркоўваем з генеральным прадзюсарам «Першай КінаВідэаКампаніі» Віктарам Лабковічам.

— Як вы ацэньваеце дзеянні вашых калег, якія падалі скаргі ў МАРГ на вынікі тэндараў дзяржзакупак?

— Я стаміўся ад гэтых звадаў, нават не хачу прыпадабняцца тым людзям, якія быццам нешта выкрылі, сваімі лістамі адмянілі вынікі тэндара і адзін аднаго за гэта пахвалілі. Па-добраму, калі ты падаешся на конкурс, ты згаджаешся з правіламі гульні і разумееш, што не можаш фарміраваць камісію альбо рэгуляваць яе крытэрыі адбору. Некаторыя заўсёды пішуць скаргі, калі не выйграюць самі, мы з гэтым ужо сутыкаліся: летась на наш праект «Жывадзёры» скаргу ў МАРГ напісалі два разы, і ён у выніку не адбыўся.

Пакуль Тэлевізійны прадзюсарскі цэнтр цягам многіх гадоў перамагаў у конкурсе, яго задавальняла і камісія, і вынікі ацэнак — як толькі ён перастаў перамагаць, сталі пісацца лісты.

Гэтая грызня, хайп двух чалавек, лічы, пашкодзіў усёй кінасферы: пад пытаннем закуп двух фільмаў, то-бок праца для мінімум ста чалавек, а наступны конкурс будзе ўвосень і ўжо, я думаю, з меншымі сумамі, бо калі галіна не засвоіла гэтыя грошы, значыць, столькі ёй не трэба.

Бюджэт на кіно і без таго складае толькі 5-6 мільёнаў даляраў за год, хаця, напрыклад, яшчэ ў 2012-м было 10 мільёнаў.

— Тым не менш вы перамаглі ў трох з чатырох тэндарах — выглядае, быццам Міністэрства культуры пераарыентоўваецца з «Беларусьфільма», які дагэтуль звычайна забіраў бюджэт, на прыватныя кінакампаніі.

— Сітуацыя іншая: «Беларусьфільм» знаходзіцца на мяжы банкруцтва, яго рахункі арыштаваныя, ён мае запазычанасці па падатках, таму папросту не можа падаць заяўку на конкурс. Зразумела, калі б мы супернічалі з кінастудыяй, яна б хутчэй за ўсё перамагла: з 2012 года сярод больш за трыццаць нашых заявак у конкурсе выйгралі толькі тры, і давайце паглядзім, колькі перамог у «Беларусьфільма». Зрэшты, калі будзе абвешчаны наступны конкурс, кінастудыя, магчыма, ужо вырашыць свае праблемы і зноў забярэ ўсе выдзеленыя дзяржавай грошы.

Але мяне парадавала, што на апошнія тэндары прэтэндавалі чатырнаццаць, адзінаццаць і дзесяць праектаў — можна ўявіць, колькі арганізацый кінавытворчасці існуе ў Беларусі.

— І амаль усе грошы тым не менш атрымалі вы. «Першая КінаВідэаКампанія» такім чынам выглядае як новы манапаліст.

— Давайце пра манаполію я раскажу такім чынам… Праекту «Радзіва «Прудок» ужо чатыры гады: рэжысёр Аляксей Раковіч, які набыў правы на экранізацыю, звяртаўся і да «Беларусьфільма», і да іншых кампаній і, урэшце, прыйшоў да нас.

Праекту «Дзесяць жыццяў Мядзведзя» — два гады, гэта вялікае аўтарскае кіно Андрэя Кудзіненкі, з якім мы сышліся ў разуменні, што нешта ў гэтай краіне можам зрабіць.

Праект фільма пра Мулявіна існуе з 2014 года, а Мулявін — сапраўдны герой нашага часу. Можа, у нейкай ступені мы і манапалісты, але тады давайце казаць — у інтарэсах фільмейкераў. Мы не падаём праекты на конкурс у стылі «давайце на каленцы хуценька напішам сцэнарый, ага, мільён даюць — здымем за трыста тысяч».

— Як прыватны прадзюсар вы не пабойваецеся здымаць кіно з удзелам дзяржавы? У Міністэрства могуць быць пэўныя патрабаванні альбо нават кантроль, у тым ліку за зместам.

— Кантроль ёсць, але толькі за тым, на што трацяцца выдзеленыя сродкі, іншага кантролю Міністэрства, па маім уласным досведзе, не ажыццяўляе. Я не пабойваюся, бо маю справу з буйнымі праектамі, а на гэта патрэбны грошы.

Фільм пра Мулявіна ахоплівае перыяд з 1950-х да 1990-х, «Дзесяць жыццяў Мядзведзя» ўвогуле пачынаюцца з вайны — гістарычныя рэканструкцыі вымагаюць сродкаў, якіх усё роўна не хапае. Паверце, мы патрацім усе міністэрскія грошы, яшчэ і дадамо свае.

— Андрэй Курэйчык лічыць, што памер выдзеленых дзяржавай сродкаў у разы перавышае сапраўдны кошт стварэння фільмаў. Што скажаце?

— Андрэй хайпуе. За 50 тысяч даляраў сапраўды можна стварыць сучасную драму ці трылер, але акцёры тады павінны здымацца ў сваім адзенні, здымкі — праходзіць на «сваіх» аб’ектах, а аплата камандзе мусіць быць у разы меншая за адэкватную. Гэта аматарскі падыход, сітуацыю трэба мяняць у адваротны бок. Канечне, лепш здымаць больш, але рабіць усе дванаццаць фільмаў па адной схеме — нонсэнс, павінна быць і іншае кіно. Помню, на замежных пітчынгах з нашым фільмам «Дэбют» яго рэжысёру Насці Мірашнічэнка раілі замест рэальных 25 тысяч еўра бюджэту пісаць 100-150 тысяч, бо людзі ў Еўропе не разумеюць, як можна зняць кіно за такія грошы.

— Выказванне пра Ліама Нісана ў ролі Аляксандра Мядзведзя — гэта жарт ці вы насамрэч плануеце запрашаць галівудскіх акцёраў?

— Мары не пашкодзяць, у кіношнікаў нават існуе паняцце «дрымкаст». Вядома, мы пастараемся здзівіць публіку. Увогуле я ў кінабізнэсе з 2007 года і сцэнарый пра Мядзведзя, на мой погляд, адзін з найлепшых за гэты час, Андрэй Кудзіненка вялікі малайчына, я яго люблю і паважаю.

— Ці магчыма прыватнаму прадзюсару ў Беларусі зарабіць на кіно?

— Цяжка, бо ў нас маленькі рынак, а самаідэнтыфікацыя не працуе. Адзін эстонскі фільм у мінулым годзе апярэдзіў у нацыянальным пракаце галівудскія блакбастары — у нас 99,9 працэнтаў кінапракату звычайна складае заходняе і расійскае кіно, а беларускае, калі і трапляе на вялікі экран, папулярнасцю не карыстаецца. Можна зняць дзесяць фільмаў за невялікія грошы, але і яны не заробяць, бо будуць аднатыпныя. Заробім мы хутчэй, калі прададзім кіно на іншыя тэрыторыі, але яно павінна быць ім блізкім. Напрыклад, каб прадаць карціну ў Расію, трэба, каб у ёй ігралі расійскія акцёры, а як толькі ў цябе з’яўляюцца расійскія акцёры, бюджэт фільма вырастае ў некалькі разоў — замкнёнае кола.

— Які з вашых праектаў прынёс вам найбольш дывідэндаў?

— Я не атрымаў ад яго ніякай выгады, але любімым лічу «Стол» мастака Рамана Заслонава [арт-праект, што ўдзельнічаў у Венецыянскім біенале, — Аўт.], а зарабілі мы больш за ўсё на «Слядах апосталаў», які здымалі разам з «Беларусьфільмам».

— Як прадзюсар вы зрабілі і дакументальны фільм «Дэбют», і хайпанулі на кліпе «8 Сакавіка» Вадзіма Галыгіна з «Ленінградам» — даволі вялікі роскід.

— Мы ўдзельнічаем у абсалютна розных праектах — гульнявых і дакументальных фільмах, анімацыі, кліпах. Гэта называецца не «хайп», а «мне падабаецца», да таго ж папрацаваць са Шнурам і Галыгіным было прыемна.

— Ці магчыма такі праект, як серыял пра «Мулявіна», рэалізаваць без дзяржаўнай падтрымкі?

— Раскрыю тайну: калі б Міністэрства культуры не выдзеліла сродкі, мы б усё роўна знялі серыял, але з грашыма расійскай кампаніі «Газпрам-медыя», то-бок наша краіна на дзяржаўным узроўні ў праекце не была б прадстаўлена, а я лічу, што персанаж Мулявіна важны менавіта для Беларусі.

— А калі фільм «Радзіва «Прудок» у выніку не атрымае грошы з бюджэту?

— Нам падабаецца гэты праект, і мы яго рэалізуем.

— Чаму, як вы думаеце, асвоіць бюджэтныя грошы вам удасца лепш, чым «Беларусьфільму»?

— У нас з «Беларусьфільмам» розныя падыходы да бізнэсу. Кінабізнэс — такі ж бізнэс, як і любы іншы, а ў мяне гэтых бізнэсаў хапае. Мы ў асноўным працуем за кошт уласных сродкаў, а калі ўкладваеш свае грошы — іначай ставішся да таго, што ствараеш. Нядаўна са мной звязаўся супрацоўнік «Беларусьфільма» і прапанаваў сустрэцца, а падчас сустрэчы сказаў: «Чуў, што вы выйгралі тэндар на фільм пра Мулявіна, вазьміце мяне выканаўчым прадзюсарам, мне трэба толькі, каб вы арандавалі мне жыллё і плацілі заробак, невялікі — паўтары тысячы рублёў, вы ж усё роўна ў дзяржавы бераце». Вось стаўленне людзей з «Беларусьфільма» — «не мае грошы». У гэтым наша адрозненне. Да таго ж работы «Першай КінаВідэаКампаніі» даказваюць, што мы можам здымаць годныя фільмы. Калі мы ўзялі ўзнагароды нават на ангажаванай дзяржавай Нацыянальнай кінапрэміі ў 2018 годзе — значыць, мы сапраўды найлепшыя.

— Ці магчыма за дзяржаўны кошт узбагаціцца на кіно?

— Магчыма, калі правільна да гэтага падысці, — стварыць добры прадукт, прадаць яго і атрымаць прыбытак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?