Беларусь і Еўрасаюз

Падчас вайны Беларусь у вачах Еўрасаюза канчаткова перастала ўспрымацца як краіна з незалежнай палітыкай.

«Беларусь ідзе даважкай да Расіі. І гэта лагічна, бо ва ўмовах вайны немагчыма абстрагавацца ад таго, што Беларусь з гледзішча міжнароднага права з'яўляецца дзяржавай-агрэсарам», — кажа Аркадзь Мошэс.

Хаця, канечне, Беларусь — міжнародна прызнаная незалежная дзяржава, «з фармальным суверэнітэтам». «І ў гэтым плане стаўленне да Беларусі заўсёды будзе адрознівацца ад стаўлення да «ДНР» ці «ЛНР», незалежна ад таго, што далей адбудзецца ў расійска-беларускіх адносінах».

У той жа час Мошэс мяркуе, што Лукашэнка канчаткова адрэзаў сябе на аглядную будучыню ад магчымасці новай «перазагрузкі», ад магчымасці паўтарэння 2015 года, ад нейкіх спробаў знайсці з ім агульную мову.

Паводле аналітыка, няма дакладнага ўяўлення пра тое, якую Беларусь Захад хацеў бы бачыць пасля вайны і як ён мог бы гэтага дабіцца. «Хацеў бы Захад бачыць Беларусь чальцом еўрапейскай сям’і народаў, краінай, якая ўваходзіць у тую ж катэгорыю адносін з Еўрасаюзам, як Украіна, Малдова і Грузія — мы пакуль гэтага не ведаем. Таму і няма стратэгіі, бо няма нават «ідэальнага» бачання будучыні адносін з Беларуссю».

Калі Расія нейкім чынам пачне ажыццяўляць дзеянні па спыненні сувэрэнітэту Беларусі і яе прыняцці ў склад Расіі, то Захад, безумоўна, зробіць спробы неяк абараніць гэты сувэрэнітэт. «Але гэта, бадай, усё, што можна на сёння канкрэтна сказаць».

«Безумоўна, Беларусь не ўспрымаецца ў якасці цалкам самастойнага суб’екта падчас вайны Украіны з Расіяй. Калі б у Лукашэнкі (а тым больш у беларускага народа) быў рэальны выбар, Беларусь не дазволіла б выкарыстаць сваю тэрыторыю для ажыццяўлення гэтай агрэсіі», — кажа аналітык.

Украінскае збожжа і санкцыі

Па той жа прычыне, Лукашэнку не ўдасца скарыстацца сітуацыяй з украінскім хлебам і дабіцца нейкай адмены санкцый, бо гэта не ўспрымаецца як самастойная пазіцыя Лукашэнкі.

«Менавіта таму, што Пуцін з такім энтузіязмам падтрымаў пытанне аб зняцці санкцый супраць Беларусі ў абмен на транспартаванне збожжа праз Беларусь — стала зразумела, што гэта ўзгодненая пазіцыя.

Што гэта спроба дабіцца хаця б маленькай трэшчыны ў брані еўрапейскіх санкцый, каб потым такую ж працэдуру прымяніць да Расіі. Таму ніякай самастойнай пазіцыі Мінска тут няма».

Да таго ж, не відавочна, што ў шляху праз Беларусь ёсць нейкі практычны сэнс. У балтыйскія парты ўкраінскае збожжа можа трапіць абходным шляхам праз Польшчу.

«Экспарт украінскага збожжа — стратэгічная праблема для Украіны, але гэта не глабальная праблема для сусветнай харчовай бяспекі. Таму я думаю, што ўсе гэтыя спробы Мінска дабіцца змякчэння санкцый ні да чаго не прывядуць — на такія «размены» Захад не пойдзе».

Мошэс мяркуе, што Лукашэнка спрабуе знайсці магчымасці для лавіравання, але безвынікова.

«Больш за тое, сёння яго становішча яшчэ горшае, чым было два месяцы таму. Бо два месяцы таму мы глядзелі на сытуацыю ў святле адводу расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі — а сёння мы бачым, што на поўдні Беларусі зноў адбываецца пэўная эскалацыя. Вучэнні, вайсковыя трэніроўкі — цяжка пазбавіцца ад уражання, што гэта адбываецца не з ініцыятывы Лукашэнкі. Хутчэй за ўсё, яму падказваюць у Маскве, што трэба рабіць, каб трымаць украінцаў у напружаньні. Такім чынам, усё, што Лукашэнка кажа, страчвае сэнс на фоне таго, што ён робіць. А робіць ён правакацыйныя манеўры ды іншае», — кажа аналітык.

Беларусь і Расія

Што тычыцца далучэння Беларусі да Расіі, якое цяпер, здаецца, як ніколі пагражае краіне, то Мошэс не верыць у гэта, прынамсі пакуль суверэннай застаецца Украіна.

«Тое, што Беларусь фактычна страчвае свой суверэнітэт усе гады, што Лукашэнка ва ўладзе, — гэта не сакрэт. Але незразумела, што Расія можа атрымаць ад далучэння Беларусі. Вось калі вы заваёўваеце, далучаеце Украіну, то далучэнне Беларусі становіцца неабходным у кантэксце ўмоўнага аднаўлення СССР.

Без далучэння Украіны ў далучэньні Беларусі няма ніякага сэнсу. Гэта не выкліча такога энтузіязму, як выклікаў Крым. З'явяцца толькі новыя праблемы. Частка насельніцтва Беларусі будзе актыўна пратэставаць. А як беларусы ўмеюць пратэставаць — Крэмль пабачыў два гады таму».

Пуцін і без далучэння Беларусі сёння мае ад Лукашэнкі ўсё, што хоча, кажа аналітык.

«Па факце саюз рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна дасягнуў той ступені, калі Лукашэнка ўжо нічога не можа супрацьпаставіць ціску Масквы. У гэтым сэнсе Лукашэнка як быў ідэальным кіраўніком Беларусі для Масквы, так і застаецца. Лукашэнка робіць для Масквы ўсё, што ад яго патрабуюць. А просіць у адказ вельмі мала, мінімальныя эканамічныя субсыдыі. У параўнанні з вайной ва Украіне тое, што просіць для сябе беларускі рэжым, — гэта капейкі», — кажа спецыяліст.

Форбрыг: Расія прайграе, а аслабленая Расія будзе азначаць падзенне Лукашэнкі

Томас Венцлава: Казаць, што імперыялізм і агрэсія ў рускіх у генах або «ў культурным кодзе» — гэта расізм

Ціханоўская выступіла ў Сейме Латвіі: У Беларусь вярнуўся сталінскі тэрор

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?

Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера