«Калі я ведаю, што мой шлях сумленны і правільны, я іду па ім, як трактар, і не сыду», — гэта словы Крысціяна Гуанелы, дырэктара ЗТАА «Бісола Габрыэле Фарм».
Кіраўнік італьянскага прадпрыемства, якое ў 2009 годзе з’явілася на сельгасугоддзях былога СВК у Кобрынскім раёне, мае праблемы. Жыхары вёсак Залессе і Быстрыца напісалі калектыўны ліст у Адміністрацыю прэзідэнта і іншыя інстанцыі са скаргамі на дырэктара «Бісола»: з працы звальняе, з дамоў высяляе, гаспадарыць на нашай зямлі, як яму ўздумаецца.

Няўжо сапраўды на тэрыторыі асобнага італьянскага «калгасу» савецкая ўлада скончылася, а кіруе баль «камора»? Спатрэбілася правесці нямала сустрэч, пагутарыць з рознымі людзьмі, каб разабрацца ў сітуацыі.

Італьянская фірма «Бісола Габрыэле Фарм» была першай замежнай кампаніяй на Брэстчыне, якая пачала працу на палях і фермах.
Калі на месца «ляжачага» калгасу «Быстрыца» прыйшоў новы гаспадар, і раённае кіраўніцтва, і мясцовыя жыхары спадзяваліся, што справы ў сельгасвытворчасці значна палепшацца, як і жыццё ў прыгарадных з Кобрынам вёсках Залескага сельсавета. З тых часоў «Бісола Габрыэле» правёў тры пасяўныя і тры ўборачныя кампаніі, на 3 тысячах га тут вырошчваюць бульбу, моркву, буракі, капусту, цыбулю, у праекце — заняцца салатай. На фермах 1000 кароў даюць малако, і статак плануецца павялічыць.
«Спачатку, калі мы прыйшлі сюды, фермы, палі і тэхніка былі ў жудасным стане, — распавядае Крысціян Гуанела.
— За гады працы кампанія ўклала ў мясцовую сельгасвытворчасць 3 млн долараў, мы правялі рамонт на старых фермах і будуем новую, закупілі тэхніку, у тым ліку адзіную ў Беларусі машыну для сартавання бульбы, садзім яблыневы сад. Мы хочам спакойна працаваць на беларускай зямлі, развіваць бізнес, тым больш што кампанія мае нядрэнны вопыт вядзення спраў у сельскай гаспадарцы: акрамя Італіі, падобная фірма адкрыта і паспяхова працуе ў Чэхіі. У Беларусі ёсць свае асаблівасці гаспадарання, але мы прытрымліваемся правілаў і работнікаў стараемся не крыўдзіць, зарплата — адна з лепшых у маштабах раёна, пра гэта нядаўна на нарадзе сказаў намеснік старшыні райвыканкама. „Бісола Габрыэле Фарм“ прыйшоў сюды сур’езна і надоўга, я хацеў бы стаць дзядулем ў Беларусі! Думаю, напружанасць ўзнікае з-за рознасці ў менталітэце: беларусы разумеюць, чаго хочуць італьянцы, а мы не разумеем патрабаванняў мясцовых людзей. Але тут жывуць добрыя людзі, і мы добрыя людзі, спадзяюся, што гэта часовыя цяжкасці перыяду станаўлення».
Як гаворыцца, хацелася б верыць. З кожным годам адносіны паміж кіраўніцтвам «Бісола Габрыэле Фарм» і вяскоўцамі абвастраюцца.
Калі спачатку была глухая незадаволенасць, то потым пайшлі лісты ў розныя інстанцыі, а ў гэтым годзе згарэла сенахранілішча, дзе ляжала 50 тон нарыхтаванага для «бісолаўскіх» рагуляў сена, і на маё пытанне ў лоб, ці не быў гэта падпал (як кажуць, помста кагосьці з незадаволеных жыхароў), старшыня Залескага сельвыканкама Валерый Іванюк адказаў, што пэўны час у вёсцы пра гэта сапраўды пагаворвалі.

Чым жа так незадаволеныя вяскоўцы, калі маглі падпусціць чырвонага пеўня? Бо і працу, і заробак «Бісола Габрыэле Фарм» ім дае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?