Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання на пасяджэнні 13 кастрычніка абралі старшыняў пастаянных камісій.

Па выніках галасавання старшынямі парламенцкіх камісій сталі:

па заканадаўстве — Наталля Гуйвік (папярэдняя пасада — член камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў пятага склікання; за яе абранне прагаласавалі 106 дэпутатаў, супраць — 3);

па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце — Леанід Цупрык (намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама; 102 і 7 адпаведна);

па нацыянальнай бяспецы — Валянцін Міхневіч (першы намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі; 104 і 4);

па эканамічнай палітыцы — Уладзіслаў Шчэпаў (намеснік старшыні камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў пятага склікання; 106 і 2);

па бюджэце і фінансах — Людміла Дабрыніна (старшыня гэтай жа камісіі ў Палаце прадстаўнікоў пятага склікання; 107 і 2);

па аграрнай палітыцы — Яўген Адаменка (старшыня Мазырскага раённага выканаўчага камітэта; 108 і 1);

па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы — Таццяна Кананчук (намеснік старшыні гэтай жа камісіі ў Палаце прадстаўнікоў пятага склікання; 108 і 1);

па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі — Андрэй Навумовіч (старшыня гэтай жа камісіі ў Палаце прадстаўнікоў пятага склікання; 104 і 5);

па адукацыі, культуры і навуцы — Ігар Марзалюк (член Савета Рэспублікі пятага склікання, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін УА «МДУ імя А.А.Куляшова»; 102 і 6);

па працы і сацыяльных пытаннях — Тамара Красоўская (намеснік старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў пятага склікання; 107 і 2);

па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы — Людміла Макарына-Кібак (дырэктар ДУ «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр отарыналарынгалогіі»; 105 і 3);

па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве — Юрый Дарагакупец (член гэтай жа камісіі ў Палаце прадстаўнікоў пятага склікання; 108 і 1);

па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі — Андрэй Рыбак (намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях і лагістыцы — начальнік упраўлення продажаў і лагістыкі ААТ «Беларуськалій»; 107 і 1);

па міжнародных справах — Валерый Варанецкі (пасол Беларусі ў Аўстрыі і Харватыі па сумяшчальніцтве, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене і пры АБСЕ; 107 і 2).

Усе старшыні камісій былі абраныя ў выніку тайнага галасавання на безальтэрнатыўнай аснове. Працэдура вылучэння кандыдатаў на пасаду старшыняў камісій заняла больш за дзве з паловай гадзіны і праходзіла па наступнай схеме: прапанова аб вылучэнні на пасаду, выступленне прэтэндэнта і адно-два выступленні ў падтрымку яго вылучэння. За ўвесь час вылучэння кандыдатаў на пасаду старшыняў камісій прэтэндэнтам было зададзена толькі адно пытанне ад Ганны Канапацкай. Як паведамлялася раней, яна падняла пытанне аб свабодным і роўным доступе да інфармацыі перад прэтэндэнтам на пасаду старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэем Навумовічам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?