Максім Суботкін

Максім Суботкін

Пракурор прасіў для Суботкіна 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Плюс — канфіскаваць маёмасць. Суддзя Дзмітры Цыкал амаль задаволіў яго патрабаванні — Максіма Суботкіна прызналі вінаватым па ўсіх пунктах. Ён правядзе 5 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, маёмасць экс-дырэктара будзе канфіскавана. Яму забаронена займаць пасады, звязаныя з ажыццяўленнем функцый прадстаўніка ўлады, арганізацыйна-распарадчых і (або) адміністрацыйна-гаспадарчых паўнамоцтваў.

Тэрмін, які ён правёў пад вартай, пакуль разглядалі справу пойдзе ў залік. То бок сядзець Суботкіну засталося трохі менш за 4 гады. Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.

Нагадаем, што Максім Суботкін быў затрыманы ў ліпені 2015 года. Яго абвінавачвалі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула цяжкія наступствы ў выглядзе нанясення ўрону ў асабліва буйным памеры і ў перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў; у завалоданні грашовымі сродкамі клуба з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў.

Трохі пазней, у жніўні, быў затрыманы і генеральны менеджар «Дынама» Уладзімір Беражкоў, якому было выстаўленае абвінавачванне ў завалоданні грашовымі сродкамі клуба з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў.

Беражкоў і Суботкін кампенсавалі шкоду, сплаціўшы амаль 3 млрд рублёў, і папрасілі вызваліць іх ад крымінальнай адказнасці, звярнуўшыся з адпаведным хадайніцтвам да Лукашэнкі.

Суботкін прызнаў прычыненне шкоды па некаторых, але заявіў, што не меў карыслівых мэтаў.

У снежні 2015 года, знаходзячыся ў СІЗА, ён падаў пазоў супраць мінскага «Дынама», адкуль ён быў звольнены. Пазоў быў аб неправамерным звальненні і спагнанні кампенсацыі. Але суд прыняў бок хакейнага клуба.

6 красавіка 2016 года Беражкову змянілі меру стрымання з заключэння пад вартай на падпіску аб нявыездзе, і ён выйшаў на волю. Максім Суботкін застаўся пад вартай, ў памілаванні яму адмовілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?