Сяргей Бесараб Сергей Бесараб Sergey Besarab

Сяргей Бесараб лічыць, што свабодная Беларусь будзе зарабляць на экспарце тэхналогій. Скрыншот відэа malina_by | YouTube

БелАЭС

Бесараб адзначае, што галоўнай мэтай будаўніцтва БелАЭС было жаданне ўладаў прадаваць электраэнергію ў іншыя краіны. Калі гэтыя магчымасці зніклі, то невядома, куды яе дзяваць.

«Трэба неяк балансаваць. Карыстальнікі ў Беларусі спажываюць электраэнергію сінусаідальна (імпульсна). У нармальных краінах АЭС будуюць там, дзе ёсць прадпрыемствы, якія могуць адразу забіраць вырабленую электраэнергію.

У нас усё наадварот. У краіне асноўныя прадпрыемствы размешчаныя ў Гомельскай вобласці. Для яе паставак неабходна аднаўленне ліній электраперадач. Частка энергіі ў выніку будзе губляцца падчас транспарціроўкі».

Вучоны пагаджаецца з меркаваннем, што БелАЭС ніколі не акупіцца. Акрамя таго,

«гэта дзікая, кабальная залежнасць на дзесяцігоддзі ад Расіі. Ёсць такая думка, што ўранавая іголка — значна большае гора, чым нафтавая ці газавая. І сёння мы селі на яе. Бяда ў тым, што, па-першае, урану абмежаваная колькасць. Па-другое, гэтае паліва робіць некалькі манапалістаў, у тым ліку Расія. Рэч у тым, што памер паліўных стрыжняў розны ў вытворцаў з Расіі і Амерыкі. І нельга хутка замяніць вытворцу. Трэцяе — гэта праблема з адпрацаваным палівам.

Нам яно назаўжды застанецца. Пішуць, што мы будзем яго аддаваць расіянам на перапрацоўку. Але яны ўсё нармальнае адтуль дастануць і пакінуць абсалютны хлам — цэзій, стронцый. І мы яго будзем заўсёды ў сябе захоўваць. І гэта праблема мінімум на 50 гадоў».

Бесараб адзначае, што праект Беларускай атамнай станцыі добры на паперы. Але, як заўсёды, самае слабае месца — людзі і рэалізацыя. Навуковец нагадвае, што будаўніцтва адбывалася ў паскораным тэмпе, не заўсёды добра падбіраўся персанал. Таму тыя навіны пра недапрацоўкі, якія ўвесь час з'яўляюцца, абсалютна слушныя.

«Недапрацоўка на недапрацоўцы. Увесь час існуе верагоднасць аварыі. Шмат ядзерных актывістаў спрабуе не дапусціць пуску другога энергаблока, бо нічога не зроблена з недапрацоўкамі першага энергаблока. Незразумела, як ён увогуле працуе і на чым трымаецца», — заўважае навуковец.

Наконт заўвагі пра «трымаецца» Сяргей Бесараб спаслаўся на выступленне расійскага навукоўца Андрэя Ажароўскага на адным з абмеркаванняў праблем БелАЭС у Вільні. Вучоны заявіў аб тым, што корпус рэактара звараны з парушэннем тэхналогіі. У выніку там маюцца нейкія дэфекты, што можа прывесці да непрадказальных наступстваў. Таму, лічыць Бесараб, неабходна рабіць усё для таго, каб спыніць эксплуатацыю станцыі і аддаць яе пад нагляд МАГАТЭ і незалежных назіральнікаў.

Але спыненне станцыі не такая хуткая справа.

«Неабходна вывозіць паліва. А тое паліва, што толькі дасталі, павінна праляжаць у так званых басейнах вытрымкі на працягу гадоў. Яго нельга вывозіць, пакуль не знізіцца радыеактыўнасць. Адзінае, што можна зрабіць, — гэта спыніць энергаблок і заглушыць яго, як гэта зроблена на Запарожскай АЭС».

Выпадак у Нясвіжы

Навуковец распавёў пра выпадак, які адбыўся ў першыя гады пасля распаду СССР у Нясвіжы. На адным з прадпрыемстваў горада была ўстаноўка для гамма-апраменьвання ўгнаенняў з сапрапеляў дзеля абясшкоджання. Цяпер такая ўстаноўка выкарыстоўваецца для апрацоўкі розных медыцынскіх прылад і нават прадуктаў харчавання. Першапачаткова яе пабудавалі па расійскім праекце.

«Яна нечакана спынілася. Мужчына, які ёй кіраваў, пайшоў праверыць. Але парушыў тэхніку бяспекі, не зачыніўшы нейкай заслонкі. У выніку ён патрапіў пад выпраменьванне ад кобальту-60. Доза была ў тры ці чатыры разы большай, чым у тых, хто ў 1986 годзе быў на даху Чарнобыльскай АЭС і збіраў радыеактыўны графіт. Мужчыну адразу завезлі ў Маскву.

Еўрапейскія і амерыканскія кампаніі, якія займаліся пытаннямі такіх прамянёвых хвароб, прапаноўвалі сваю дапамогу. І яе прымалі. Пацярпеламу перасадзілі касцявы мозг, але выратаваць яго не атрымалася. Цягам месяца ён памёр».

Азаронак і радыеактыўны заплечнік

Прапагандыст Азаронак заяўляе, што гатовы з радыеактыўным заплечнікам знішчыць Вільню. Бесараб тлумачыць, што радыеактыўны заплечнік — гэта так званы «інжынерны фугас». Па яго звестках, такія прылады існавалі толькі ў ЗША і СССР.

«Амерыканскі важыў каля 50 кілаграмаў. У інструкцыі адзначалася, што яго павінны несці двое, пасля закладкі і ўстаноўкі таймера эвакуявацца. У гэтых фугасах была магутнасць, якая рэгулявалася, ад сотняў кілаграмаў у тратылавым эквіваленце да дзясяткаў кілатон». Таму такі фугас сапраўды можа знішчыць такі горад, як Вільня.

Бесараб кажа, што калі пра існаванне такой рэчы ў ЗША вядома па дакументах, то ў выпадку СССР толькі па аповедах тых, хто працаваў з ядзернымі боепрыпасамі. Навуковец заўважае, што сустракаў навіну аб тым, што ў Расіі такія ядзерныя фугасы павінны былі знішчыць, але яны засталіся.

Чаму пратэсты падтрымалі навукоўцы-гуманітарыі, а тэхнары — не

Пры аналізе ўдзелу навукоўцаў у пратэстах Бесараб правёў умоўную мяжу паміж вучонымі-гуманітарыямі і больш тэхнічнымі спецыяльнасцямі: 

«Сярод рэпрэсаваных навукоўцаў на першым месцы філолагі і гісторыкі. Гэта людзі, які поўнасцю залежаць ад фінансавання дзяржавы, у якой яны працуюць, гісторыяй і філалогіяй якой яны займаюцца. Я не ўяўляю, як гісторыку, які займаецца, напрыклад, гісторыяй ВКЛ ці этнаграфіяй Палесся, выбіць грант ад Расіі. Таму яны на мізэрным дзяржаўным фінансаванні нешта рабілі. І тут, калі ў іх забіраюць апошняе — надзею, то, зразумела, што яны ўзняліся.

Фізікі таксама ёсць. Але гэта ў асноўным моладзь. А старэйшыя — дактары, акадэмікі — не тое што не падтрымалі пратэсту, але яшчэ і рэпрэсавалі маладых хлопцаў. Гэтым людзям больш важныя грошы (якія ў асноўным расійскія), чым пытанні сумлення».

Пра Алеся Пушкіна і беларусаў

Сяргей Бесараб кажа, што быў добра знаёмы з Алесем Пушкіным.

«Любы, хто па рэчцы плыў ці адпачываў, мог зайсці да яго ў госці і сказаць: «Дзядзька Алесь, мне цяжка, пусці пераначаваць». Ён мог пусціць пераначаваць, пакарміць. Ён быў незвычайна творчы чалавек. <…> З ім было проста. Нейкае паразуменне ад сэрца да сэрца.

Ён быў незвычайна боскі чалавек. Такіх людзей трэба абараняць. <…> Мне падабаліся яго перформансы. Я называў яго беларускім аналагам Марыны Абрамовіч. Ён — бацька беларускага перформансу».

Навуковец згадвае пра адзін перформанс, зладжаны Алесем Пушкіным у Вільні.

«Ён сабраў людзей. Быў накрыты стол. Можна было сядзець, піць, есці. Усе ўмоўна ведалі, што сабраліся беларусы. Ён сядзеў. А пасля прыйшоў чалавек і моцна прывязаў яго да крэсла. Ён пачаў тузацца. Было відавочна, што ён спрабуе вызваліцца. А людзі пілі, елі. Ніхто ў прынцыпе не звяртаў увагі. Ён тузаўся, тузаўся і паваліўся разам з крэслам набок. І там працягнуў тузацца. Але моўчкі. А людзі працягвалі есці. Адна з тых, хто гэта бачыў, як аказалася, маладая полька, падышла і развязала яго. Потым мастак звярнуўся да тых, хто сядзеў за сталом, з пытаннем:

«Ну вось тут усе беларусы. Чаму вы бачылі, што вашаму цяжка, але ніхто не падышоў і не дапамог?» Пытанне засталося без адказу».

Бесараб тлумачыць, што значыць для яго гэты перформанс:

«Мой кіраўнік магістарскай дысертацыі Аляксандр Мікалаевіч Траццяк — выбітны спецыяліст у хіміі крышталю — казаў так:

«Беларусаў занадта шмат. Калі нас стане ў пяць разоў меней, у нас слёзы будуць цячы ўжо тады, калі мы ўбачым праз дарогу іншага беларуса. А пакуль нас занадта шмат, мы можам грызціся і не шанаваць адно аднаго». Вось пра гэта перформанс. Нас занадта шмат.

Была нейкая бліскавіца 2020-га года. <…> Вось такое стоадсоткавае яднанне ад сэрца да сэрца. Яно згубілася. Пасля нічога падобнага я не адчуваў. Тое, што прынёс нам 2020-ты год, — унікальная рэч, унікальны падарунак».

Што сапраўды хайтэчнае ў вайне ва Украіне

Сяргей Бесараб сярод новага, што праявіла сябе ў вайне ва Украіне, выдзяляе сістэму «Паланцір», пра якую вядома няшмат.

Гэта праект амерыканскага вынаходніка і бізнэсмена, лібертарыянца Пітэра Ціля. Гэта праграмнае забеспячэнне, якое было перададзена ўкраінскім вайскоўцам і спецслужбам.

Яно дазваляе аналізаваць вялікія абʼёмы даных (дакументы, запісы з камер назірання, размовы людзей) і знаходзіць сярод іх злачынцаў. «Паланцір» паказаў вельмі высокі ўзровень эфектыўнасці. Ва Украіне сістэма выкарыстоўваецца на полі бою, каб прадказваць намеры ворага, а таксама дапамагае адсочваць карупцыю. 

«Я шчыра скажу, што баюся «Паланціра». Дакладней, таго, для чаго ён можа быць выкарыстаны. У мяне сумневы, што яго выкарыстаюць, напрыклад, каб знайсці нейкія лекі ад раку. А вось для чагосьці дрэннага ён можа быць выкарыстаны».

Тры рэчы, якія Бесараб хацеў бы бачыць у будучай Беларусі

Сяргей Бесараб называе тры рэчы, якія ён хацеў бы бачыць у будучай Беларусі. Гэта камерцыйныя навукова-даследчыя інстытуты, парламенцкая рэспубліка і членства ў Еўрасаюзе.

У новай краіне Сяргей марыць займацца калоіднай хіміяй і чытаць свае навукова-папулярныя артыкулы студэнтам.

Бесараб упэўнены, што Беларусь навукова і тэхналагічна можа быць паспяховай краінай:

«Ва ўмовах незалежнасці і свабоды Беларусь можа быць толькі тэхналагічнай краінай. Ніякай аграрнай ці іншай. І зарабляць у асноўным на экспарце тэхналогій, а не паслуг ці нейкіх дзіўных сельскагаспадарчых прадуктаў. У нас усё гэта было. І да 2020-га года я быў упэўнены, што так і здарыцца. І я не губляю веру ў тое, што так і будзе».

Чытайце яшчэ:

Беларускі навуковец, якому давялося ўцячы з Беларусі тайнымі сцежкамі, напісаў «кароткі дапаможнік па экстраннай эвакуацыі»

Вядомы хімік склаў партрэт рэпрэсаванага навукоўца. Некаторыя высновы нечаканыя

«Часам незаменна, але…» Бесараб адказаў на крытыку наконт апраменьвання прадуктаў радыяцыяй

Клас
59
Панылы сорам
5
Ха-ха
7
Ого
10
Сумна
9
Абуральна
12

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?