Невядомыя ў цывільным.
У кватэры знаходзілася некалькі журналістаў.
Міхась Янчук, які афіцыйна здымае гэтую кватэру.
Дзесьці а 15 гадзіне ў офіс неакрэдытаванага ў Беларусі тэлеканала «Белсат», што на вуліцы Дарашэвіча, пачалі грукацца невядомыя ў цывільным.
Аператар тэлеканалу Іван, які перад гэтым выйшаў у краму, у офіс так і не вярнуўся. Тэлефонная сувязь з ім таксама прапала. Потым высветлілася, што хлопца адвезлі ў Савецкі РУУС на алкагольную экспертызу.
У кватэры знаходзілася некалькі журналістаў. Але адмыкаць дзверы яны катэгарычна адмовіліся. Электрычнасць у кватэры не было.
Праз нейкі час да офісу пачалі прыязджаць журналісты з іншых выданняў.
Потым прыехаў Міхась Янчук, які афіцыйна здымае гэтую кватэру. Дарэчы, высветлілася, што кватэра належыць палітыку Алесю Міхалевічу.
Трое ў цывільным працягвала дзяжурыць у пад’ездзе. Калі Янчук паспрабаваў з імі загаварыць, што яны хочуць, то яны проста маўчалі. А адзін выйшаў на вуліцу.
Потым Янчуку ўсё ж атрымалася разгаварыць аднаго з маўчуноў. Ён прадставіўся старшым лейтэнантам Каральковым з Савецкага РУУС.
Ён сказаў, што ад суседзяў паступілі скаргі, што тут адбываюцца п’янкі і гулянкі, што нядаўна з кватэры выйшаў нейкі п’янтос, суседзі паслалі сігнал — і міліцыя прыехала разбірацца. Янчуку прапаноўвалі праехаць з імі ў пастарунак, але ён адмовіўся.
Урэшце, сілавога ўварвання ў кватэру не адбылося. Міліцыянты яшчэ трошку падзяжурыўшы сышлі.
Янчук лічыць, што сённяшнія падзеі можна вытлумачыць дзвюма прычынамі.
Ціск на «Белсат» звязаны з нядаўнімі зменамі ў спецслужбах, або гэта ціск на гаспадара кватэры Алеся Міхалевіча, які на мінулым тыдні абвясціў пра свой удзел у прэзідэнцкіх выбарах.
* * *
Дырэктарка тэлеканала Агнешка Рамашэўская-Гузы: гэта спроба перашкодзіць і дыскрэдытаваць.
«Мы лічым што сённяшнія дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні тэлеканалу «Белсат» — гэта чарговая спроба перашкодзіць працы і дыскрэдытаваць незалежных журналістаў, адзначыла Агнешка
Варта адзначыць таксама, што апошнімі тыднямі ўзмацніўся ціск з боку спецслужбаў на журналістаў тэлеканалу.
Запэўніваем нашых гледачоў, што ціск з боку ўладаў не паўплывае на нашую журналісцкую пазіцыю. Мы і надалей будзем несці праўдзівую інфармацыю жыхарам Беларусі.
Выказваем падзяку калегам з іншых сродкаў масавай інфармацыі за прафесійную салідарнасць».