Першы намеснік ДУ «Галоўнае ўпраўленне па абслугоўванні дыпламатычнага корпуса і афіцыйных дэлегацый «Дыпсэрвіс» Р. падазраецца ў крадзяжы блакітных ялінаў.

«Дыпсэрвіс» — галоўная ў краіне арганізацыя, якая адказвае за стварэнне спрыяльных умоў для знаходжання і функцыянавання дыпламатычных прадстаўніцтваў і іх супрацоўнікаў, консульскіх устаноў замежных дзяржаў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь. Гэтая ж арганізацыя забяспечвае ўсе ўмовы для знаходжання ў краіне афіцыйных дэлегацый замежных дзяржаў. Акрамя таго, у абавязкі ўстановы ўваходзіць і матэрыяльна-тэхнічнае, і сацыяльна-бытавое забеспячэнне дзейнасці вышэйшых службовых асобаў Беларусі.

Па сутнасці «Дыпсэрвіс» — сучасны дзяржаўны мажардом, твар краіны, па якім пра Беларусь мяркуюць і госці прэзідэнта, і афіцыйныя замежныя дэлегацыі самага высокага ўзроўню.

Паводле свайго статусе начальнік ДУ «Галоўнае ўпраўленне па абслугоўванні дыпламатычнага корпуса і афіцыйных дэлегацый «Дыпсэрвіс» і два намеснікі з’яўляюцца служачымі дзяржаўнага апарату і ўносяцца ў кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы. Ім налічваецца адпаведны стаж і адпаведныя шматлікія прывілеі. Пра ўзровень заработнай платы кіраўнікоў «Дыпсэрвісу» нічога невядома, але ён дакладна вышэйшы за сярэдні па краіне. Іншымі словамі, пра становішча першага намесніка начальніка «Дыпсэрвісу» можна сказаць вядомай крылатай фразай «жыццё ўдалося». І тым больш дзіўна тое, у чым ён падазраецца.

Следчым камітэтам паводле матэрыялу Службы бяспекі прэзідэнта заведзена крымінальная справа ў дачыненні да першага намесніка начальніка ГУ «Галоўнае ўпраўленне па абслугоўванні дыпламатычнага корпуса і афіцыйных дэлегацый «Дыпсэрвіс» Р. Яму інкрымінуецца здзяйсненне злачынства па ч.1 арт.210 Крымінальнага кодэкса Беларусі (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі). Пры гэтым і аб’ект крадзяжу, і ягоная сума не ідуць ні ў якое параўнанне з высокім становішчам дзяржслужачага.

Па звестках Службы бяспекі прэзідэнта, чыноўнік здзейсніў крадзеж пяці блакітных ялінаў на суму ўсяго толькі 1,4 мільёны рублёў.

Дарэчы, у крамах Мінска саджанцы блакітных ялінаў, калі ўжо чыноўніку яны спатрэбіліся, каштуюць усяго 170 тысяч рублёў. Іншымі словамі, чыноўніку такога высокага рангу не склала б працы набыць іх цалкам легальна і не ганьбіцца. У сувязі з гэтым зусім незразумела, навошта дзеля такой драбніцы яму спатрэбілася рызыкаваць сваім становішчам. Ці гэта ўжо сіла звычкі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?