Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Ён спыніўся толькі тады, калі жанчына запаўзла пад ложак. Эксперты-псіхіятры вызначылі, што ў той час 45-гадовы мужчына быў не ў сабе.

Усё адбылося вечарам 29 ліпеня ў Вілейцы. Сын вярнуўся з работы дамоў, дзе жыве ўдваіх з 73-гадовай маці, нецвярозым і запатрабаваў ад жанчыны вячэру.

Раптам яму падалося, што маці вельмі марудна накрывае на стол. Ён пачаў крычаць на яе.
Жанчына штосьці адказала, і тады сын падхапіўся і ўдарыў кулаком два разы ў твар. З носа ў яе пайшла кроў.

Жанчына мае другую ступень інваліднасці з-за хваробы суставаў. Ёй складана хадзіць ці рабіць нейкую фізічную працу. Нават нажом парэзаць хлеб – праблема.

Таму яна не магла ні супраціўляцца, ні ўцячы. Жанчына проста накіравалася да дзвярэй, каб выйсці з дому.

Калі яна ўжо была на верандзе, сын дагнаў, ударыў ззаду ў спіну тры разы і загарадзіў выхад.

Маці вярнулася ў пакой, там сын піхнуў яе ззаду, і жанчына павалілася на падлогу тварам уніз у метры ад ложка. Сын пачаў збіваць яе нагамі і драўлянай ручкай матыкі па галаве, целе, руках і нагах.

Жанчына не магла падняцца, яна марудна паўзла пад ложак. Калі запаўзла, сын ужо не мог яе дастаць. Супакоіўся і пайшоў спаць.

Праз 15 хвілін жанчына пачула, што сын спіць, і вылезла. Праз два дні яна выйшла на вуліцу і папрасіла суседзяў выклікаць “хуткую дапамогу”. Яе паклалі ў бальніцу.

Эксперты-псіхіятры вызначылі, што сын быў не ў сабе, калі збіваў маці. З-за злоўжывання алкаголем ён мае расстройства псіхікі.

Суд прызначыў абвінавачанаму два гады пазбаўлення волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Таксама яго будуць прымусова лячыць ад расстройства псіхікі. За ім будзе назіраць доктар-псіхіятр. Мужчыну будуць лячыць і ад хранічнага алкагалізму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?