Кіслата з’ядае мяне знутры,
Кіслата выядае — адзін, два, тры.
Мне няма чым дыхаць, няма куды йсці.
Я кладу сябе да тваёй літасці.
Я баюся выплеснуць кіслату,
Бо яна знішчае, а смерць — табу.
Распускаемся ў гэтай кіслаце
Я і ты — і ўсё, што завецца «свет».
Асабісты наркотык, прыватны drug.
Ты — ласкавай коткай, ты — усё не так.
Ты — ацыднай мрояй, жыццём і сном,
Маім кіслародам, маім небыццём.
Кіслата ў венах, кіслата ў крыві
Выядае сэрца. Можаш — жыві,
Хай бурліць у прыцемках, я змаўчу,
Антацыду літасці не хачу.
Пераходзім з цемраю мы на «ты».
Мы жывем, як чуем смак кіслаты.
Хай яна заб’е нас, распусціць ушчэнт,
У распусце роспуску знойдзем сэнс.
Хай цяжарным воцатам ляжа ноч
І дажджом кіслотным — ты не суроч,
Запусці па венах — і будзе кайф,
Кіслата ў клетках — сапраўдны life.
Недарэчнасць існага — гэта край,
Тая плынь мацней за нас — і няхай.
І адзінае рэчыва, якім варта быць, —
Кіслата, што з’ядае цябе знутры.
Андрэй Аляксандраў. Кіслата 4
0
0
0
0
0
0