Адны лічаць, што гэты закон — гарант роўнага карыстання беларускай і расейскай мовамі. Іншыя — што ён дазваляе выціснуць беларускую мову пад прыкрыццём двухмоўя. Карацей, як каму больш падабаецца, так і карыстаюцца.

На маю думку, ёсць сферы, дзе павінна выкарыстоўвацца толькі беларуская мова. Напрыклад, спорт. Асабліва, калі гаворка пра нацыянальныя зборныя — каманды, якія прадстаўляюць краіну на міжнародным узроўні. Мяне заўжды цікавіла, чаму на майках удзельнікаў зборных Беларусі па розных відах спорту прозвішчы друкуюцца пераважна расійскай лацінкай? Няўжо так жадаюць самі гульцы? Здаецца, не. Тым больш што ёсць прыклады адваротнага.

Аляксандр Глеб — сусветна вядомая зорка футбола. Падчас гульні за найлепшыя еўрапейскія клубы («Штутгарт», «Арсенал», «Барселона») заўсёды аддаваў перавагу беларускамоўнаму варыянту напісання свайго прозвішча — «Hleb» замест рускамоўнага «Gleb». Прытым, што апошні варыянт яму вывелі на ягонай нацыянальнай футболцы.

Яшчэ адзін беларус, Антон Пуціла, таксама мае на спіне беларускае «Putsila» ў «Фрайбургу». Аднак у сваім папярэднім клубе «Гамбург» меў надпіс, утвораны ад рускамоўнага варыянта. Сваё пажаданне «пісацца» ў новай камандзе па-беларуску выказаў публічна.

Капітан зборнай Беларусі па гандболе Сяргей Рутэнка, які гуляе за найлепшы еўрапейскі клуб «Барселона», таксама змясціў Rutenka, а не Rutenko. Падчас гульняў за нацыянальную каманду выкарыстоўваюцца абодва варыянты.

Малады талент беларускага хакея Раман Грабарэнка («Albany Devils») зрабіў транслітарацыю з беларускага варыянта. Hrabarenka — менавіта такое прозвішча пазнаюць на швэдры амерыканскія аматары гульні на лёдзе нумар адзін. У камандзе зборнай Беларусі раман чамусь заўжды падпісаны як «Graborenko».

Чаму мэнэджары нацыянальных камандаў аддаюць перавагу менавіта расійскамоўным варыянтам? Цяжка адказаць. Самі яны тлумачаць гэта наяўнасцю спецыяльных «пашпартоў спартоўцаў» (штосьці кшталту камандзіровачнага пасведчання): прозвішчы і імёны друкуюцца там пераважна па-руску, плюс яшчэ шэраг абставін — маем вынік: адпаведны расійскі варыянт і змяшчаецца на футболках. Але, відавочна, што галоўная прычына — жаданне, а дакладней яго адсутнасць.

Не так даўно ў сеціве з’явілася тэставая версія новага сайта Беларускай федэрацыі футбола. Беларуская мова на гэтай старонцы, зразумела, адсутнічае. Каб высветліць, чаму так, «Наша Ніва» звярнулася да Аляксандра Кома — праектнага мэнэджара кампаніі «Белітсофт», якая і распрацоўвала сайт. Спадар Ком даў наступны адказ (на беларускай мове): «Магу адказаць на Вашае пытанне без аніякіх праблемаў: сэнс у тым, што калі распрацоўваўся новы сайт АБФФ (а гэта было амаль 1,5 года таму), загадаў зрабіць беларускамоўную версію не было, і калі не памыляюся (а я быў адказны за гэтую справу), прапановы і пытанні пра гэта былі з нашага боку. Але мне здаецца, што адсутнасць беларускамоўнай версіі звязаная з тым, што ў Федэрацыі футбола няма спецыялістаў, якія маглі б суправаджаць гэтую версію сайта. Таксама я магу прапанаваць вам дапамагчы Федэрацыі ў гэтым: вы можаце накіраваць ліст на скрыню [email protected] з прапановай аб дапамозе ў гэтым пытанні».

Таксама А. Ком дадаў, што іх кампанія зацікаўленая, каб сайт працаваў на ўсіх трох папулярных мовах (беларускай, ангельскай, расійскай), і нават прывёў прыклад іншага сайта — Вялікага тэатра оперы і балета, які таксама зрабіла іх кампанія.

Сапраўды, беларускамоўных спецыялістаў у дзяржаўных установах — з Антонаву слязу. Але чаму іх няма?

Асабіста я не трымаў у руках дакумента пра забарону распаўсюджання беларускай мовы (здымак якога абышоў усю краіну), таму мне цяжка сцвярджаць, ці ёсць загады не выкарыстоўваць «мову» ў Міністэрстве спорту і турызму. Але з упэўненасцю магу сцвярджаць адно: у краіне адсутнічае прыклад выкарыстання нацыянальнай мовы прэзідэнтам краіны.
Мабыць, таму
прозвішчы хакеістаў нацыянальнай каманды ніколі не друкуюцца па-беларуску (у адрозненне ад гандбольных, баскетбольных і футбольных зборных краіны, дзе зрэдчас усё ж з’яўляюцца беларускамоўныя варыянты).

Беларуская мова таксама ўдзельнічае ў нейкім незразумелым для мяне спаборніцтве, канкурэнцыі з расійскай. Каб чуць «родныя словы» ў метро або бачыць «ў» на квітках ці майках гульцоў нацыянальнай зборнай, трэба заўжды кудысьці пісаць і звяртацца. На жаль, сёння беларуская мова прайграе свайму непасрэднаму апаненту. Ці гэта «суддзі дапамагаюць», ці мы самі ўжо стаміліся ад канкурэнцыі. А можа, проста не шанцуе. Безумоўна, у спорце бывае ўсё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?