Даследчыца Вольга Лабачэўcкая выдала кнігу «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911–1912».
«Гэтая калекцыя захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Віленскага ўніверсітэта, — расказвае аўтарка. — Пра яе ведалі навукоўцы-этнографы, якія працавалі ў 1960-я. Але толькі ў канцы 1980-х дзякуючы Івану Цішчанку стала вядома, што гэтыя здымкі зрабіў беларускі этнограф Ісак Сербаў».
Усяго ў калекцыі 442 фота, але, паводле спадарыні Лабачэўскай, спачатку іх было болей за паўтары тысячы.

«Дакладна была яшчэ вандроўка Сербава ў 1913 годзе, — расказвае спадарыня Вольга. — Ён быў сябрам Паўночна-Заходняга расійскага імператарскага геа-графічнага таварыства, яны дапамагалі Сербаву фінансава падчас вандровак. Тады ж у таварыстве з’явілася ўстаноўка — падчас паездак рабіць фота, бо акурат тады з’явілася тэхніка, якая дазваляла рабіць гэта. Планаваўся і выпуск альбома паводле ягоных справаздач, аднак гэтаму перашкодзіла Першая сусветная вайна».

Здымкі, сабраныя Сербавым, захоўваюць вялікую колькасць унікальнай інфармацыі, бо да кожнага з іх прыкладалася дакладнае апісанне таго, хто выяўлены на здымку і дзе гэты здымак зроблены.

«Стварыць такі фотаальбом было неабходна, — кажа спадарыня Вольга. — Мне вельмі прыемна, што некаторыя людзі ўжо знайшлі фота сваіх продкаў дзякуючы гэтай кнізе. Усяго ў яе ўключаныя 74 населеныя пункты».

Калекцыя Сербава трапіла ў кнігу цалкам — усе здымкі, усе каментары аўтара плюс каментары ўкладальнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?