Былы намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі - начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Яўген Полудзень прысуджаны да трох з паловай гадоў турэмнага зняволення. Такі прысуд абвешчаны ў Беларускім ваенным судзе 25 сакавіка.

Працэс па справе былога высокага чыноўніка МУС праходзіў у закрытым рэжыме.

Яўген Полудзень абвінавачваўся ў злоўжыванні ўладай, перавышэнні ўлады і атрыманні хабару. Дзеянні былога намесніка кіраўніка МУС кваліфікаваныя па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), ч. 2 і 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказнае становішча) і ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару).

Высокі міліцэйскі чын быў затрыманы 8 снежня 2011 года.
Праз тыдзень яму прад'явілі абвінавачванне па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі). У лютым 2012 года ў дачыненні да Полудня была заведзеная другая крымінальная справа - па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказнае становішча). Абедзве справы аб'ядналі ў адну вытворчасць. Следства ўстанавіла, што Полудзень сістэматычна на працягу доўгага перыяду часу атрымліваў ад службовых асоб органаў унутраных спраў матэрыяльныя каштоўнасці і грашовыя сродкі.

27 снежня 2011 года палкоўнік міліцыі Яўген Полудзень ўказам Лукашэнкі быў вызвалены ад пасады намесніка міністра ўнутраных спраў - начальніка міліцыі грамадскай бяспекі і звольнены з органаў унутраных спраў у запас Узброеных сіл.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?