Калі снег пачне хутка таяць, то можа здарыцца надзвычайная сітуацыя дзяржаўнага маштабу, паведаміў журналістам 25 сакавіка кіраўнік службы прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў. Сёлета ў Беларусі выпала вялікая колькасць снегу, тое самае адбылася і ва Украіне. Апошні факт будзе ўплываць на Прыпяць і нашы паўднёвыя рэкі.
У гутарцы з карэспандэнтам «НН» начальнік прэс-службы МНС Віталь Навіцкі параіў пакуль не драматызаваць сітуацыю. Тэарэтычна рэзкае пацяпленне можа выклікаць моцную паводку, аднак па стане на 26 сакавіка няма аб’ектыўных метэаралагічных звестак, якія б сведчылі пра такое развіццё падзей.
Паводле папярэдніх прагнозаў, сёлета ёсць верагоднасць падтаплення прыкладна 120 населеных пунктаў, 60 участкаў дарог, прыблізна 20 садовых таварыстваў і 19 мастоў на тэрыторыі 40 раёнаў Беларусі. Для параўнання: летась такі прагноз абяцаў паводку для 13 раёнаў краіны.
Самы несуцешны прагноз падрыхтаваны для Гомельскай вобласці. Калі ў пачатку сакавіка спецыялісты прагназавалі сярэдні ўзровень паводкі, то бліжэй да канца месяца прагноз пагоршыўся. У МНС разглядаюць некалькі варыянтаў развіцця сітуацыі, у тым ліку сцэнар маштабнай паводкі на Прыпяці ў 1999 года.
Акрамя Гомельшчыны ў небяспечнай зоне знаходзяцца раёны Брэсцкай, Віцебскай, Магілёўскай абласцей.
Аднымі з першых ад паводкі сёлета пацярпелі вёскі Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.
Падрабязны прагноз развіцця сітуацыі з паводкай у Беларусі вясной 2013 глядзіце на сайце. МНС.
Урокі вялікай вады
Найбольш небяспечныя паводкі ў найноўшай гісторыі краіны здараліся ў 1979 і 1999 гг. Максімальны ўзровень вады ў рэках сягаў 6 метраў.
У рамках праграмы па абароне населеных пунктаў ад паводкі на беларускім Палессі (2005-2010) пабудавана каля 300 км дамбаў, 335 км каналаў, 36 помпавых станцый.