Кожная жанчына пацвердзіць словы амерыканскай феміністкі Наомі Вулф, што мужчына, які мые посуд, больш сэксапільны, чым той, хто на канапе глядзіць тэлевізар. У амерыканскай інтэрнэт-краме Amazon дасюль у бэстсэлерах значыцца альбом «Порна для жанчын». На ім амаль голыя (але добра складзеныя) мужыкі самі правяць хатнюю гаспадарку, запрогшыся бы чорны вол у саху. Таксама доўгі час лічылася, што калі пара жыве ў згодзе і разам дапамагае адно аднаму ў гаспадарцы, яна часцей займаецца сэксам.

Невядома дакладна, на якіх казачных даследаваннях грунтуюцца ўсе гэтыя сцверджанні, але сапраўдная навука выявіла, што гэта вялікая памылка, феміністычная выдумка і пустая мара. Грабары гэтай тэорыі і збаўцы мужчынаў ад анучы і праса — трое сацыёлагаў: Сабіна Корнрых, Джулія Брайнз і Катрына Леўп.

Вынікі іх даследаванняў былі апісаныя ў American Sociological Review — часопісе Амерыканскага таварыства сацыёлагаў.

Пасля апытання 4,5 тысяч амерыканскіх параў усё стала на сваё месца. Сем’і, дзе муж выконвае тыпова жаночую працу (такую як прыбіранне, гатаванне, пранне), займаюцца сэксам у паўтара разу менш, чым пары, дзе жонка выконвае ўсе «жаночыя абавязкі» сама. Мужчына ў апошнім выпадку працуе ў садзе, аплачвае рахункі і абслугоўвае хатнюю тэхніку і прылады.

Чаму так адбываецца? Навукоўцы не могуць даць рады з дакладным адказам. Але імавернасць таго, што мужчыны ў «традыцыйных» сем’ях прымушаюць жанчын да сэксу, выключаецца. Гэта не так, бо жонкі з «традыцыйных» сем’яў адзначылі такі самы ўзровень задавальнення ад сэксу, як і жанчыны з «сучасных», партнёрскіх сем’яў.

Адзінай лагічнай высновай навукоўцы лічаць наступнае: блізкі мужчына з дзеркачом альбо з анучаю падаецца жонцы менш сэксуальна прывабным. Гэта ж не нейкія прыдуманыя героі з мараў і эратычных фільмаў, а тыя, хто ўвесь час побач, свае-родныя.

Але мужчынам не варта, спасылаючыся на дадзеныя даследаванняў, радавацца і ўнікаць працы. Навукоўцы дадаюць, што адмова мужчыны дапамагаць па доме цягне да нарастання канфлікту ў сям’і і зніжае задаволенасць жонкі шлюбам. Вядома, калі жонка маўчыць зубы сашчапіўшы альбо пілуе ды есць, бы іржа жалеза — пра сэкс можна забыцца. Жанчынам усё больш даспадобы, калі моцная палова выконвае як мужчынскія, так і жаночыя работы.

Калі ж браць пад увагу, што за паўстагоддзя колькасць амерыканскіх мужчын, якія робяць хатнюю працу, узрасла ад 15 да 30%, такая тэндэнцыя прымушае занепакоіцца. Хіба што мужыкі здрабнелі і, адвучыўшыся араць, каня запрагаць і жонкай камандаваць, сталі зусім няздатныя да мужчынскай работы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?