Затрыманы 14 верасня ў Мінску Андрэй Бандарэнка, кіраўнік праваабарончай установы «Платформ інавейшн», позна вечарам быў адпушчаны з Маскоўскага РУУС, паведамляе БелаПАН.

Прыблізна апоўначы на яго старонцы ў Facebook з’явіўся запіс: «Вымушаны маніторынг Маскоўскага РУУС не выліўся ў маніторынг ЦІП (Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. — БелаПАН.).

Праўда, лёс яшчэ трох чалавек пакуль невядомы, спадзяемся, што яны ў хуткім часе будуць адпушчаныя. Дзякуй усім, хто падтрымліваў мяне і ўдзельнікаў акцыі». Зараз тэлефон Бандарэнкі не адказвае.

Як раней паведамляў БелаПАН, 14 верасня, у Дзень горада, у цэнтры Мінска была затрымана група ўдзельнікаў акцыі памяці 21-гадовага мінчаніна Ігара Пцічкіна, які раптам памёр крыху больш за 40 дзён таму ў следчым ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага.

Паводле афіцыйнай версіі, прычынай смерці стаў сардэчны прыступ. Аднак сваякі і сябры Пцічкіна мяркуюць, што ён памёр пасля жорсткіх збіванняў у СІЗА. На сайце «Платформ інавейшн» (www.platformarb.com) былі размешчаны пасмяротныя фатаграфіі Пцічкіна, на якіх бачныя вялікія гематомы на перадплеччах, запясцях, кісцях, у вобласці рэбраў, а таксама пашкоджанні ніжэй за калена. У Следчым камітэце сваякам Ігара паведамілі, што па факце яго смерці праводзіцца праверка.

14 верасня сваякі і сябры Пцічкіна мелі намер правесці хвіліну маўчання каля сцен СІЗА на Валадарскага — пакласці кветкі і запаліць свечкі. Пяцёра ўдзельнікаў акцыі, у тым ліку цяжарная сястра загінулага Ірына Мірановіч, былі затрыманы і дастаўлены ў Цэнтральнае РУУС.

Туды ж былі дастаўлены карэспандэнты «Радыё Свабода» Алег Груздзіловіч і газеты «Наша ніва» Ірына Арахоўская і Ганна Бадзяка, якія асвятлялі акцыю. Праз тры гадзіны журналістаў адпусцілі пры садзейнічанні прэс-сакратара ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Ластоўскага, які прыехаў у РУУС.

У дачыненні да астатніх праведзены адміністрацыйныя працэдуры, іх чакаюць суды па адміністрацыйных справах. Позва, якая прадпісвае з’явіцца 16 верасня ў суд Цэнтральнага раёна, уручана таксама Ірыне Мірановіч. Цяжарная жанчына адпушчана з РУУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?