Сбербанк Расіі абмяркоўвае з «Беларуськаліем» магчымасць паўторнага рэфінансавання крэдыту на 1 мільярд даляраў, паведаміў журналістам у Маскве кіраўнік Сбербанка Герман Грэф.

«Беларуськалій» у снежні 2011 года атрымаў гадавы сіндыкаваны крэдыт ад «Сбербанка Расіі» і «Еўразійскага банка развіцця» на 1 млрд. даляраў. Сродкі былі ўключаны ў склад золатавалютных рэзерваў Беларусі шляхам выпуску доўгатэрміновых дзяржпапер на 800 млн. даляраў, якія выкупіў «Беларуськалій».

Восенню 2012 года было падпісана пагадненне аб рэфінансаванні крэдыту.

«Мы цяпер разглядаем патэнцыяльную магчымасць змянення графіка плацяжоў па крэдыце. Беларускі бок пацвердзіў сваю прыхільнасць па выкананні ўсіх абавязацельстваў.

Цяпер часова склалася вельмі цяжкая сітуацыя ў сувязі са скасаваннем іх пагаднення з "Уралкаліем". Я думаю, што паступова сітуацыя стабілізуецца, і яны змогуць увайсці зноў у графік плацяжоў. Мы цяпер з імі знаходзімся ў стадыі перамоў наконт таго, як мы можам змяніць графік плацяжоў», — цытуе Грэфа РІА Новости.

Знаходзячыся тыдзень таму ў Мінску Грэф не выключаў, што Беларусі запатрабуецца паўторнае рэфінансаванне крэдыту. Між тым гендырэктар «Беларуськалія» Валерый Кірыенка ў сярэдзіне жніўня заяўляў, што беларуская кампанія мае намер выконваць усе ўзятыя на сябе абавязацельствы па абслугоўванні і пагашэнні рэфінансаванага расійскім Сбербанкам экспартнага крэдыту.

Як паведамлялася раней, экспарт «Беларуськалія» склаў у студзені-ліпені 2013 года 1,38 млрд. даляраў.

Такім чынам, у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам экспарт у грашовым выражэнні знізіўся на 23,5%. У той жа час у фізічным выражэнні экспарт захаваўся на леташнім узроўні. Паводле звестак «Беларуськалія», за студзень-ліпень 2013 года аб’ём вытворчасці калійных угнаенняў у натуральным падліку склаў 4,9 млн. тон.

«Уралкалій» у канцы ліпеня спыніў супрацоўніцтва з «Беларуськаліем» у частцы сумесных продаж і вырашыў змяніць стратэгію, сканцэнтраваўшыся на павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці.

Гендырэктар «Беларуськалія» Валерый Кірыенка на прэс-канферэнцыі 19 жніўня паведаміў: «Пакупнікі занялі чакальную пазіцыю, і ў сувязі з гэтым новыя кантракты на набыццё калійных угнаенняў пакуль не заключаюцца. Чаму рынак мёртвы? Няма цэнавога дна. Навошта купляць, калі заўтра назавуць цану меншую?» — заявіў Кірыенка, характарызуючы паводзіны пакупнікоў калійных угнаенняў.

«Беларуськалій» з’яўляецца адзіным вытворцам хлоркалію ў Беларусі і адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў калійных угнаенняў на сусветны рынак.

Сваю прадукцыю прадпрыемства цяпер рэалізуе праз Беларускую калійную кампанію. Доля «Беларуськалія» ў сусветнай вытворчасці калійных угнаенняў складае каля 15%. Спісачная колькасць персаналу на 1 жніўня 2013 года — 19,8 тыс. чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?