Тры чалавекі загінулі ў Каіры, пасля таго як невядомыя ў масках адкрылі агонь па вясельнай цырымоніі, якая праходзіла ў копцкай царкве.

Відавочцы кажуць, што ўзброеныя людзі, якія пад'ехалі на матацыклах, адкрылі стральбу па людзях, што выходзілі з царквы.

Параненыя прынамсі дзевяць чалавек. Сярод забітых — васьмігадовая дзяўчынка, якая памерла на месцы.

Ніводная груповак да гэтага часу не ўзяла адказнасць за напад.

Інцыдэнт адбыўся ў Гізе - каірскім прыгарадзе, дзе размешчаны шматлікія замежныя пасольствы.

Абшчына хрысціян-коптаў у Егіпце ўжо не раз станавілася мішэнню ісламістаў, якія лічаць, што копты датычныя да звяржэння прэзідэнта Махамеда Мурсі ў ліпені гэтага года.

Калі камандуючы егіпецкай арміі генерал Абдул Фатах Сісі абвясціў па тэлебачанні пра зрынанне Мурсі, копцкі патрыярх Александрыйскі Феадор II (Тавадрас) стаяў побач з ім.

Феадор II заявіў тады, што прапанаваны ваеннымі план далейшых дзеянняў «распрацаваны паважанымі людзьмі, якія дзейнічаюць у лепшых інтарэсах Егіпта».

Самому патрыярху пасля гэтага ісламісты не раз пагражалі расправай, па краіне пракацілася хваля забойстваў хрысціян-коптаў, а іх жыллё і крамы ды офісы падвергліся нападам.

Копцкая праваслаўная царква — адна з самых старажытных хрысціянскіх цэркваў — была заснавана ў Александрыі прыкладна ў 50 годзе нашай эры.

Хрысціяне складаюць прынамсі 10% насельніцтва Егіпта, гэта звыш васьмі мільёнаў чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?