«Быў бы беларусам, пісаў бы па-руску! Як Пушкін»,
— расейскі пісьменнік Мікалай Дабралюбаў папракае Адама Міцкевіча. Што Міцкевіч адказаў? Чытайце ў фантасмагарычным апавяданні Уладзіміра Някляева «Бары-бэры».
Апавяданне, між іншым, датуецца сакавіком 2011. У гэты час пісьменнік знаходзіўся пад хатнім арыштам — у ягонай кватэры дзень і ноч знаходзіліся службісты. А Някляеў не «завязваў» з літаратурай.
«Калі ў сям’і нараджаецца хлопчык, бацькі проста абавязаныя зрабіць усё мажлівае, каб ён ніколі не стаў паэтам»,
— піша Уладзіслаў Ахроменка ў сваіх «Музах і свіннях». Як аўтар развіў сваё сцверджанне, чытайце ў часопісе.
Паэзія ў новым нумары прадстаўлена творамі Васіля і Анатоля Дэбішаў, Ірыны Бельскай. Публікуюцца санеты Фёдара Ястраба, які вядомы найперш як мастак. Пісаць вершы ён пачаў толькі летась.
Вера Бурлак публікуе нізку вершаў «Аблокі».
Уздым у аблокі так ці гэтак
Выбаўляе з аблогі мабільных сетак.
І рукі ў рэшце рэшт вольныя ад сумак,
І побач аблокі ў форме неакрэсленых думак.
Аблокі, аблокі, аблокі.
Аблокі-міфы,
Аблокі-цмокі...
У перакладзе Макса Шчура друкуецца паэма «Снаркаловы» Льюіса Кэрала.
Алесь Бяляцкі піша пра Дзяды ў 1988-м — першы масавы мітынг у Беларусі. Дзмітрый Паўлавец — пра Сцяпана Некрашэвіча, 130-годдзе якога адзначаецца сёлете.