У Беларусі падрыхтаваны праект дакумента па рэформе сферы натарыята, паведаміў сёння журналістам у Палаце прадстаўнікоў міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

Раней быў падпісаны ўказ аб тым, што з 1 студзеня 2014 дзяржаўныя натарыусы страцяць статус дзяржаўных служачых. Цяпер падрыхтаваны праект указа, які прадугледжвае пераход натарыята з 1 студзеня 2014 года на прынцыпы самакіравання і самафінансавання. Прадугледжваецца стварэнне органаў самакіравання ў выглядзе Беларускай натарыяльнай палаты і тэрытарыяльных палат. Палатам плануецца перадаць функцыі па бягучай арганізацыі працы натарыята, за Мінюстам — захаваць функцыю кантролю выдачы пасведчанняў натарыусам, растлумачыў міністр.

Праект указа ўжо ўзгоднены з усімі зацікаўленымі і знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Адказваючы на пытанне аб хваляваннях некаторых натарыусаў з нагоды магчымых праблем з самаакупнасцю натарыяльных кантор у рэгіёнах, міністр адзначыў, што гэтае пытанне было ўлічанае пры распрацоўцы дакумента. Прадугледжанае стварэнне натарыяльных акругаў і квоты па ліку натарыусаў у кожнай такой адзінцы. «Мы ў першую чаргу думалі пра тое, каб у новых умовах захаваць даступнасць і якасць натарыяльных паслуг у любым рэгіёне рэспублікі — нават там, дзе гэта можа быць нізкарэнтабельным», — падкрэсліў ён.

Развіваючы тэму, міністр растлумачыў, што натарыусы будуць адлічваць пэўную суму ў фонд Беларускай натарыяльнай палаты, з якога будуць падтрымлівацца калегі з нізкарэнтабельных раёнаў.

«Не будзе паняццяў дзяржаўнага і прыватнага натарыята», — таксама адзначыў міністр. Будуць натарыяльныя канторы і бюро, гэта значыць, фактычна калектыўныя натарыяльныя арганізацыі і індывідуальныя. Гэта зроблена для таго, каб не ламаць структуру, што склалася.

Што тычыцца кошту паслуг, то па некаторых пазіцыях яна можа нязначна ўзрасці, а па некаторых — нават знізіцца. Ільготы па паслугах будуць захаваныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?