Дзяніс Сінякоў, фота Коммерсант
Калінінскі раённы суд Пецярбурга змяніў 18 лістапада меру стрымання фатографу Дзянісу Сінякову, арыштаванаму па справе аб акцыі «Грынпіса» на нафтаплатформе ў Пячорскім моры ў Расіі.
Суд адпусціў Сінякова пад заставу двух мільёнаў расійскіх рублёў (560 млн беларускіх — НН), ён будзе знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, паведамляе Дождь.
Сінякоў, які здымаў акцыю эколагаў у нафтаплатформы «Прыразломная», працаваў паводле кантракту з «Грынпіс», а таксама выконваў рэдакцыйнае заданне «Lenta.ru», якое было далучанае да матэрыялаў справы разам са зваротамі больш за 300 журналістаў і фатографаў, якія запатрабавалі вызваліць арыштаванага.
18 верасня актывісты Грынпіс з судна «Арктыка Санрайз» спрабавалі патрапіць на нефтеплатформы «Газпрома «Прыразломная» у Пячорскім моры, каб правесці акцыю супраць здабычы нафты ў Арктыцы.
На наступны дзень спецназ ФСБ затрымаў судна і суправадзіў яго ў Мурманск. 30 членаў экіпажу былі арыштаваныя. Большасць з іх — замежныя грамадзяне.
Беларускія журналісты ў знак падтрымкі Сінякова збіралі подпісы з патрабаннем вызвалення фатографа (падпісаліся 77 чалавек), а эколагі на дабрачынным вечары 15 лістапада ў Мінску, зладжаным сябрамі «Зялёнай сеткі» і Цэнтра прававой трансфармацыі, збіралі грошы для актывістаў «Грынпіса».