Нацыянальная царква… Памесная царква… Аўтакефальная царква.. У гэтых словах для кагосьці шмат што салодкага чуецца. Але ці мы добра разумеем, аб чым гаворым і ці дакладна ведаем то, чаго так жадаем?

Дык вось.. з трох гэтых аспэктаў, сёньня прыпынімся на прыметніку “нацыянальная” ў дачыненьні да Царквы. Ня буду пакуль вельмі “грузіць”, проста хацеў бы азначыць галоўныя пункты, якія выклікаюць пытаньні.

Як вядома, “нацыянальны” у дачыненьні да любой рэчы можна разумець у дзьвюх сэнсах.

Па-першае, у сэнсе моўна-культурным, а па-другое, у дзяржаўна-сувэрэнным.

Што можа адзначаць патрабаваньне да царквы, каб яна была “нацыянальнай” у першым сэнсе? Наколькі гэта залежыць ад таго ці іншага падпарадкаваньня?

Гэта адзначае, што Царква павінна быць “сваёй” па мове і культуры для мясцовага насельніцтва. Вось тут ёсьць часта такое неразуменьне, якое можа прывесьці да ерасі, якая мае сваю назву – філятызм (ад словаў “любіць” і “племя”). Царква заўсёды павінна арыентавацца менавіта на ўсё насельніцтва тэрыторыі, на якой яна выконвае сваю місію. Не на нейкі адзін народ ці племя, а на ўсіх людзей, ніяк не выдзяляючы тых ці іншых. Апостал Павел, напрыклад, зьвяртаўся сваімі пасланьнямі да рымлянаў, карынфянаў, эфесянаў – да хрысьціян усіх нацыянальнасьцей адпаведных гарадоў. Гэта тычыцца і мовы – перш за ўсё Царква павінна размаўляць на найбольш распаўсюджанай у дадзенай мясцовасьці мове. І як бы мы не адносіліся да страты народам сваіх моўных каранёў, але ўсё ж гэта ня справа Царквы займацца моўным адраджэньнем. Яе мэта – выратаваньне чалавека. Царква павінна адказаць чалавеку на той мове, на якой чалавек да яе зьвярнуўся.

Так у тэорыі, але на практыцы ёсьць спэцыфічныя складанасьці. Першая з іх тая, што на самой справе філятычная ерась пануе амаль над усім праваслаўным сьветам. Асабліва добра гэта бачна па дыяспары – у Эўропе, Штатах, Канадзе. Мы бачым на адной тэрыторыі і “рускія”, і “грэцкія”, і “румынскія”, і “украінскія”, і “беларускія” праваслаўныя цэрквы. Але па канонах на адной тэрыторыі павінна быць толькі адна юрысдыкцыя. Зразумела, у межах гэтай адзінай юрысдыкцыі могуць быць прыходы, арыентаваныя на розныя моўныя і нацыянальныя групы. У Амэрыцы была спроба стварыць такую адзіную царкву. Так стварылася Праваслаўная аўтакефальная царква ў Амэрыцы. Між іншым, на базе расейскіх прыходаў з адпаведна атрыманай ад РПЦ аўтакефаліяй. І назва “ў Амэрыцы”, а не “Амэрыканская” як раз была паклікана выказаць тэрытарыяльны, а не нацыянальны прыярытэт. Хаця царква атрымалася моцнай і плённай (напрыклад, багасловы Мейендорф і Шмеман як раз адтуль), але сама ідэя наднацыянальнай царквы фактычна правалілася. Філятычныя прыхільнасьці ў іншых амэрыканскіх юрысдыкцыях перамаглі і Праваслаўная царква ў Амэрыцы міжвольна атрымалася царквой амэрыканцаў і амэрыканскай.

Вельмі моцныя філятычныя тэндэнцыі і ў РПЦ. Апошні час яны ўсё больш павялічваюцца. І яна сама сябе дэкляруе ў пераважнасьці “царквой рускіх”, і менавіта так успрымаецца. Зразумела, такая сытуацыя вельмі ўплыве на тое, што ў нерасейскіх частках РПЦ непазьбежна растуць і свае патрабаваньні. І хаця кола патрабуючых “сваёй” “нацыянальнай” царквы пакуль вельмі абмежаваная, і нават у большасьці гэта і нецаркоўныя людзі, але тэндэнцыя будзе мацнець, бо калі ёсьць царква “рускіх”, то чаму нельга быць царкве “беларусаў”? Зразумела, лягічна, што ў самастойная дзяржаве можа быць нейкае самастойнае кіраваньне. Не для пыхі, канечне, што “самі з вусамі”, ня дзеля “нацыянальнай годнасьці”, а проста таму, што кожная краіна мае сваю спэцыфіку, розную сталасьць грамадзтва, розныя адносіны з дзяржавай і г. д. Карацей, для больш адпаведнай мясцовым умовам дзейнасьці дзеля справы выратаваньня чалавека. Але, на жаль, пытаньне ў такім выглядзе, груба кажучы , як “царква для беларусаў” – гэта памылковы шлях.

Дарэчы, парадокс расейскага праваслаўя ў тым, што па сутнасьці, як мы казалі, “царква для расейцаў” застаецца незразумелай для тых жа расейцаў, бо расейская мова ў набажэнствах амаль не выкарыстоўваецца (апрача нешматлікіх супольнасьцяў, як вакол сьвятара Георгія Качаткова, пазбаўленага нават свайго прыходу). Гэтая сытуацыя прывучае вернікаў да таго, што яны мала што разумеюць, што маліцца быццам трэба на “высокай” мове, а не на “бытавой”. Як ні дзіўна ў “нацыянальнай царкве” няма месца для сваёй мовы, нават існуе нейкая непавага для яе.

Чаму так атрымалася? Таму, што царква ў Расейскай імпэрыі была пастаўлена ў ранг абслугоўваючага дзяржаўныя інтарэсы ведамства. Дзяржаўная місія стала перашкаджаць асноўнай місіі царквы, нават самым простым патрабаваньням людзей. Пора людзей вельмі лёгка забыць, калі ёсьць больш “глябальныя” мэты. Вось так і мы рызыкуем, калі патрабуем ад царквы, каб яна служыла на сувэрэннасьць, беларушчыну і г. д. Царква павінна быць царквой для людзей. Калі гэта будзе так, яна хутка будзе адклікацца на патрабаваньні часу, і разам з галоўнай мэтай дзеля якой яна створана выконваць як быццам між іншым, натуральна і іншыя заданьні ў галінах асьветы, выхаваньня і г. д.

На гэтым пакуль спынюся, але размова, думаю, працягнецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?