Стаўку на ўсходнюю інтэграцыю робяць і многія іншыя дзяржавы, якія раней уваходзілі ў склад Савецкага Саюза. Аднак якая імавернасць таго, што ў пагоні за вялікімі рынкавымі ўтварэннямі Беларусь страціць сваё нацыянальнае «я» і стане часткай хай і вялікага, але агульнага эканамічнага блока? Аб праблеме глабалізацыі і ўніверсалізацыі, а таксама аб месцы, ролі беларускай дзяржавы і этнасу ў кантэксце глабальных сусветных тэктанічных зрухаў разам з карэспандэнтам БелТА разважаў грамадскі дзеяч і дыпламат, першы міністр замежных справаў Беларусі Пётр Краўчанка.

Інтэграцыйныя працэсы, безумоўна, робяць значны ўплыў на эканамічную і палітычную сітуацыю ў любой краіне, і Беларусь тут не выключэнне.

Галоўнае пытанне ў дадзеным выпадку — як зрабіць так, каб пры імклівым збліжэнні з іншымі краінамі, блізкімі і далёкімі, не страціць свой нацыянальны складнік, той каларыт, які нязменна адрознівае нас ад іншых.

На думку Пятра Краўчанкі, інтэграцыйныя працэсы на Усходзе, удзельнікам якіх адкрыта выступае Беларусь, у немалой ступені павінныя садзейнічаць вырашэнню для краіны эканамічных цяжкасцяў. «Абсалютна перакананы, што тут мы ідзем у правільным кірунку. Стварэнне Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы я перадугадаў яшчэ ў 1992—1993 гадах. Я заўзятм прыхільнам інтэграцыі на Усходзе, стварэння так званага ўсходнееўрапейскага рынку, і заўсёды пра гэта казаў. На Захадзе нас ніхто не чакае, прынамсі, у найбліжэйшыя дзесяцігоддзі, і шлях туды закрыты. Усход — нашае выратаванне, — падкрэсліў суразмоўца. — Цяпер мы не можам на роўных інтэгравацца з Еўрапейскім саюзам з той простай прычыны, што пакуль не з'яўляемся рынкавым утварэннем. Яшчэ 10-20 гадоў мы будзем паступова афармляцца як рынкавы сегмент і падводзіць свае стандарты пад еўрапейскія. У гэтым сэнсе нас выдатна «падцягвае» Расія, якая з'яўляецца ўдзельнікам СГА. Калі праз 10-15 гадоў будзе канчаткова сфармаваны ўсходнееўрапейскі эканамічны рынак, які ахоплівае насельніцтва больш за 200 млн чалавек, з'явіцца гістарычны шанец для Расіі, Беларусі, Казахстана, а таксама іншых краін, якія збіраюцца далучыцца да МС у найбліжэйшыя гады, паставіць пытанне аб інтэграцыі з Захадам. Пакуль жа гэта супярэчыць нашым нацыянальным інтарэсам».

Пётр Краўчанка лічыць, што за Усход трэба моцна трымацца, і абраны Беларуссю курс лагічны, але гэта зусім не азначае, што дзяржава павінная быць закрытая для Захаду.

«Проста пакуль іншага вектару развіцця, адрознага ад інтэграцыі на Усходзе, у нас няма. З часам, думаю, еўрапейскі кантынент ператворыцца ў адзіны і больш універсальны, але для таго, каб гарманізаваць інтэграцыйны працэс, трэба сур'ёзна папрацаваць і захаваць у кожнай з краін нацыянальнае «я», — сказаў ён.

Разважаючы пра розныя нюансы, якія могуць пазітыўна паўплываць на ўзровень эканамічнага развіцця рэспублікі, Пётр Краўчанка выказаў меркаванне пра тое, што ў Беларусі неабходна сфармаваць і ўвесці ў абарот паняцце эканамічнага патрыятызму.

«Гэты тэрмін ніхто не ўжываў, я ўпершыню ўводжу яго ў абарот. Ён заснаваны на тым, што чалавек, перш чым аддаць свой рубель за тавар ці паслугу, павінен падумаць, у чыю кішэню ён яго пакладзе. У кішэню беларускага прадпрыемства? Але нашага чалавека не падманеш: калі ўжо ён сабраўся галасаваць рублём, пад гэта трэба падводзіць і якасць прадукцыі», — падкрэсліў суразмоўца.

Аднак эканамічным патрыётам, на яго думку, павінен быць не толькі пакупнік, але і прадавец, вытворца айчыннага тавару.

Вытворца таксама павінен заняць адпаведную пазіцыю і дамагчыся таго, каб выпусканы тавар адпавядаў высокім стандартам, якія не саступаюць еўрапейскім. Тады эканамічны патрыятызм будзе гарманічны: людзі набываюць айчынную прадукцыю і маюць для гэтага добрую матывацыю, бо вытворца выклаўся на 100% і стварыў тавар з усімі неабходнымі спажывецкімі якасцямі. «Тое, пра што я кажу, лёгка абвясціць, але няпроста дамагчыся. І ўсё ж да гэтага трэба імкнуцца», — лічыць Пётр Краўчанка.

Былы кіраўнік МЗС перакананы: для таго, каб павысіць узровень эканамічнага развіцця Беларусі і тым самым значна спрасціць працэс яе ўваходжання ў рознага роду інтэграцыйныя ўтварэнні, самы час для дзяржавы паспрабаваць знайсці свой твар у сусветным эканамічным падзеле працы. Неабходна зрабіць так, каб краіна выбілася ў сусветныя лідары ў пэўнай сферы, знайшла сваю нішу і заняла яе, стала манапалістам і пачала на гэтым максімальна зарабляць, што, адпаведна, істотна адаб'ецца на бюджэце. «У Беларусі шмат высокакваліфікаваных спецыялістаў, добры ўзровень адукацыі. Трэба знайсці нейкі сегмент — хай ён складзе менш за 1% ад сусветнай вытворчасці, але атрымаць поспех у ім», — лічыць Пётр Краўчанка. У якасці паказальнага прыкладу ён прывёў вопыт Даніі, эканоміка якой завязаная на развіцці сельскай гаспадаркі. «Чым вядомая гэтая маленькая краіна? У першую чаргу яна асацыюецца з высокатаварнай, высокаэфектыўнай мяса-малочнай вытворчасцю. Ва ўсім свеце вядомыя дацкі бекон і дацкае малако. Але Данія таксама з'яўляецца лідарам па вытворчасці тэлевізараў асабліва вялікага дыяметра. Гэтая краіна знайшла ў сусветным падзеле працы сваю нішу і заняла яе. Тут яна манапаліст і на гэтым зарабляе», — падкрэсліў дыпламат.

Ён звярнуў увагу на тое, што залогам поспеху для ўсякай дзяржавы з'яўляюцца праца і стварэнне. А беларусам у гэтым плане ёсць да чаго імкнуцца. «Так, мы працуем і атрымліваем зарплату. Як правіла, мы ўсе незадаволеныя сваімі заробкамі і лічым, што нам недаплачваюць. Але я прыходжу да высновы, што беларусы рэальна не зарабляюць тыя грошы, якія атрымліваюць штомесяц, і мы, на жаль, не пераадолелі пакуль сацыяльны паразітызм і сацыяльнае ўтрыманства. Я не стамляюся паўтараць, што менавіта гэтыя рысы сталі ракавай пухлінай сацыялізму, і ў цяперашніх умовах нам трэба ад іх рашуча пазбаўляцца. Мы па-ранейшаму лічым, што нам нехта павінен даць, разжаваць і пакласці ў рот, мы думаем не пра тое, як зарабіць, а пра тое, як атрымаць, — перакананы дыпламат. — Як заахвоціць народ працаваць па-іншаму? Універсальных рэцэптаў тут няма. Адзін з іх — апрабаваны сусветны вопыт: развіваць дробны і сярэдні бізнес, фермерства, стварыць умовы для таго, каб людзі маглі зарабляць. Тут больш жорсткую пазіцыю павінна заняць дзяржава «.

Безумоўна, эканамічны і палітычны аспекты граюць першую скрыпку ў жыцці любой дзяржавы. Менавіта з гэтай прычыны многія краіны імкліва «ўрываюцца» ў розныя інтэграцыйныя ўтварэнні, якія па нейкай прычыне ўяўляюць для іх найбольшую цікавасць. Але як у пагоні за эканамічнай выгадай не страціць саміх сябе, не страціць той самы нацыянальны каларыт?

У дадзеным кантэксце, паводле Пятра Краўчанкі, найбольш складанай для дазволу бачыцца праблема канчатковага фармавання беларускай нацыі.

Працэс фармавання беларусаў як нацыі сапраўды атрымаў наймагутнейшы штуршок у канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў, але сталінскія рэпрэсіі 30-х гадоў прыпынілі яго, не даўшы беларусам у поўнай меры ўсвядоміць, хто яны ёсць, куды ідуць, на якія прыярытэты абапіраюцца. Зрэшты, на думку суразмоўцы, дадзены працэс атрымаў гістарычны шанец завяршыцца ў 90-я гады мінулага стагоддзя і ў першае дзесяцігоддзе стагоддзя цяперашняга, ужо пасля набыцця Беларуссю рэальнай незалежнасці і суверэнітэту. Аднак пра яго незавершанасць сведчыць шэраг фактараў эканамічнага і лінгвістычнага парадку.

Узнікае заканамернае пытанне: ці паспеюць беларусы сфармавацца як нацыя і ўліцца ў агульнасусветны працэс універсалізацыі і глабалізацыі, інтэграцыі на Усходзе і Захадзе? «Гэтае пытанне не рытарычнае, гэта пытанне выжывання. Захаваем мы свой твар ці не — залежыць ад нас саміх, ад нашай волі, перакананні і нашага нацыянальнага імунітэту. А вось імунітэт наш аслаблены ў духоўным і фізічным плане, — лічыць Пётр Краўчанка. — І, самае галоўнае, у нас адсутнічае пачуццё ўласнай годнасці і развітай нацыянальнай самасвядомасці. Калі мы прэтэндуем на тое, каб быць нацыяй, неабходна пашырыць ужыванне беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці і дзяржаўным справаводстве».

На думку былога кіраўніка замежнапалітычнага ведамства, у цяперашні час у наяўнасці два паралельныя працэсы, якія ў нейкі момант павінныя пэўным чынам перасекчыся. З аднаго боку, гэта працэс глабалізацыі і ўніверсалізацыі, які сцірае нацыянальныя адрозненні і спрыяе яднанню еўрапейскага кантынента, з другога — запознены гістарычны працэс «выспявання» беларусаў. «У мяне ёсць вобразнае параўнанне: як на пагорку суніцы выспяваюць пад сонейка, так і беларуская нацыя павінна ў XXI стагоддзі канчаткова паспець, сфармавацца і раскрыць свае здольнасці», — адзначыў Пётр Краўчанка.

Але чаму гэта настолькі важна? Дыпламат растлумачыў, што менавіта ад моўнага фактару наўпрост залежыць рост прадукцыйнасці працы ў краіне.

«Калі фермер будзе адчуваць сябе сапраўдным гаспадаром сваёй зямлі і будзе валодаць ўсім арсеналам нацыянальнага, уключаючы мову, гэта адаб'ецца на ўсіх кампанентах эканамічнага жыцця рэспублікі, у тым ліку і на прадукцыйнасці працы», — лічыць ён.

«Вось чаму фармаванне беларускай нацыі стратэгічна важнае. Вельмі хацелася б, каб як мага больш людзей усвядоміла гэта і змяніла сваё стаўленне да таго, што называецца мовай, культурай, духоўнасцю», — рэзюмаваў Пётр Краўчанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?