Купалаўскі тэатр выправіўся ў Пекін, каб прыняць удзел у міжнародным тэатральным фестывалі. Зараз трупа ўжо знаходзіцца ў дарозе.
Фестываль пачнецца паслязаўтра, 28 лютага, і будзе працягвацца да 8 сакавіка.
Кітайскія гледачы ўбачаць дзве пастаноўкі. Першая, «Вяселле», пастаўленая паводле аднайменнай п’есы Антона Чэхава, уяўляе сабой пастаноўку ў жанры «SounDrama» (спалучэнне драматычнага мастацтва, музыкі, харэаграфіі і пластыкі).
Цікава, сярод беларускіх гледачоў «Вяселле» не карыстаецца вялікай папулярнасцю. А вось у свеце — наадварот. Купалаўцы паказвалі спектакль на гастролях у Іспаніі, Францыі, Расіі, Украіне, Румыніі, Грузіі і Азербайджане.
Другая пастаноўка, драма «Не мой», створана паводле аповесці Алеся Адамовіча «Нямко».
У 2011 годзе на Першай нацыянальнай тэатральнай прэміі спектакль перамог у пяці намінацыях з сямі. «Не мой» упершыню выязджае за мяжу.
Спектаклі былі выбраны кітайскім бокам на аснове відэазапісаў. Фестываль пройдзе на сцэне Пекінскага народнага мастацкага тэатра – галоўнага тэатра Кітая.