Буйная амерыканская інвестгрупа, якая ў лістападзе купіла 20% дзярждоўгу Украіны, прадала расійскія аблігацыі і нарасціла ўкладанні ва ўкраінскія. Яна разлічвае паўтарыць поспех сваёй стаўкі на аднаўленне эканомікі Ірландыі пасля фінансавага крызісу.

Амерыканская інвестгрупа Franklin Templeton, вядомая агрэсіўнай гульнёй на новых рынках, у I квартале прадала расійскія аблігацыі і нарасціла ўкладанні ва ўкраінскія бонды амаль да 8 млрд даляраў, паведаміла газета «Ведомости».

Кампанія прадала даляравыя аблігацыі расійскага ўрада і дзяржкампаній краіны намінальным коштам каля 29 млн даляраў за I квартал, а за апошнія паўгода аб'ём укладанняў у расійскія каштоўныя паперы скараціўся больш чым на 200 млн — да 1,2 млрд. У той жа час Franklin Templeton павялічыла ўкладанні ва ўкраінскія даляравыя і еўрабонды на 62 млн у I квартале, да 7,6 млрд.

Міжнародны пазыковы партфель Franklin Templeton пад кіраваннем дырэктара па інвестыцыях кампаніі Майкла Хейзенстэба складае 190 млрд даляраў. Хейзенстэб, вядомы як інвестар, што дзейнічае насуперак тэндэнцыі рынку, аддае перавагу ўкраінскім каштоўным паперам, а не расійскім.

У красавіку Global Bonds Franklin Templeton Fixed Income Group, адзін з найбуйнейшых трымальнікаў украінскіх еўрааблігацый, паведаміла, што захоўвае інвестыцыі ў гэтыя актывы, чакаючы аднаўлення эканамічнага росту Украіны ў 2015 годзе.

У лістападзе інвестгрупа скупіла амаль пятую частку дзяржаблігацый Украіны на 5 млрд даляраў, стаўшы найбуйнейшым крэдыторам гэтай краіны. Менавіта пад кіраўніцтвам Хейзенстэба фонд купіў амаль 10% дзяржаблігацый Ірландыі на 6 млрд даляраў падчас крызісу, што стабілізавала фінансавы рынак краіны і ў канчатковым рахунку прынесла выгаду інвесткампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?