Служба бяспекі Украіны сцвярджае, што мае доказы выкарыстання расійскімі сродкамі масавай інфармацыі тэхналогій інфармацыйна - псіхалагічнага ўздзеяння на гледачоў.

Такую заяву на брыфінгу ў аўторак зрабіла начальнік прэс-службы СБУ Марына Астапенка.

Паводле яе слоў, СБУ два месяцы вывучала відэаматэрыялы, якія транслююць расійскія тэлеканалы, і выявіла ў іх забароненыя міжнародным заканадаўствам тэхналогіі псіхалагічнага ўздзеяння на аўдыторыю, у тым ліку так званы «25-ы кадр».

«Яны адносяцца да небяспечных метадаў інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння», — падкрэсліла Астапенка.

На брыфінгу быў прадэманстраваны фільм па выпуску навін на тэлеканале «Расія-24».

На працягу ўсяго выпуску пра падзеі ў Адэсе 2 мая ў куце экрана з'яўляюцца малапрыкметныя надпісы: «падпаліў правы сектар», «людзей забівалі бандэраўцы», «Нацгвардыя забойцы».

Таксама ў СБУ падкрэслілі, што расейскія тэлеканалы выкарыстоўваюць і іншыя метады ўздзеяння на гледачоў.

У прыватнасці, яны распаўсюджваюць напаўпраўду, спасылаюцца на нейкія «інфармаваныя крыніцы», дэманструюць дэталізаваныя сцэны забойстваў і гвалту і спрабуюць эмацыйна ўздзейнічаць на гледача.

Псіхолаг СБУ Аксана Сербіненка сцвярджае, што так званая тэхналогія «25-га кадра» з'яўляецца дастаткова старой і не дужа эфектыўнай.

«Ёсць навейшыя спосабы ўплываць на аўдыторыю. Расійскія СМІ выкарыстоўваюць «25-ы кадр», мабыць, як даўні і надзейны метад», - падкрэсліла яна.

У сваю чаргу ў СБУ паабяцалі, што будуць рэагаваць на такія дзеянні расійскіх медыя «у прававым полі».

Як вядома, расійскіх журналістаў ужо неаднаразова абвінавачвалі ў распаўсюдзе прапаганды Крамля. Нядаўна разам з баевікамі былі затрыманыя журналісты LifeNews Алег Сідзякін і Марат Сайчанка, якія, як лічаць у Кіеве, аказвалі інфармацыйнае садзейнічанне тэрарызму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?