Вечарам 23 мая ў мікрараёне Сяльмашаўскі на вуліцы Фадзеева ў Гомелі ўпала ліхтарня. Пры падзенні асвятляльная апора зачапіла дзвюх жанчын, якія ў той момант ішлі па тратуары, адна з іх каціла каляску з малым дзіцём. Дзіця не пацярпела — жанчына паспела адштурхнуць каляску.
Як паведамляюць ва УУС аблвыканкама, з папярэднім дыягназам «страсенне мозгу і зрушэнне шыйнага хрыбетніка» адну з пацярпелых шпіталізавалі ў абласную бальніцу. Другая жанчына атрымала траўму жывата, і пасля аказання меддапамогі яе адпусцілі дадому, паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама.
Акалічнасці здарэння ўстанаўліваюць супрацоўнікі 2-га гарадскога аддзялення міліцыі Чыгуначнага АУС, якое размешчана па вуліцы Фадзеева.
Паводле звестак міліцыі, асвятляльныя апоры знаходзяцца ў веданні гомельскага прадпрыемства «Гарэлектратранспарт». Слупы на гэтым участку вуліцы ўстаноўлены ў 1991 годзе, тэрмін іх службы 40—50 гадоў. Пры гэтым кожныя паўгода канструкцыі павінны праходзіць праверку. Калі яна праводзілася апошнім разам, высвятляецца. Таксама прызначана экспертыза, якая ўстановіць прычыну падзення асвятляльнай апоры.