Брытанскае кіно для паспалітых гурманаў.

Яго называлі надзеяй брытанскага хорару. Але ён памёр дачасна. Забытая стужка таленавітага рэжысэра Майкла Рыўза зь легендарным Барысам Карлафым.

А галоўны жартаўнік ад “Монці Пітону” Тэры Гіліям парадуе ўсю сям’ю хуліганскай кінафантазіяй.

12 лістапада, панядзелак, ТV-21, 23.35; 13 лістапада, аўторак, ТV-21, 07.35

posterЧАРАЎНІКІ (Волшебники / The Sorcerers)
Вялікабрытанія, 1967, каляровы, 84 хв.
Рэжысэр: Майкл Рыўз
Ролі выконваюць: Барыс Карлаф, Кэтрын Лэйсі, Ян Агілві, Элізабэт Эрцы, Віктар Генры, Сьюзан Джордж, Салі Шэрыдан, Айвар Дзін, Альф Джойнт
Жанр: Жудасная фантастыка паводле сцэнару Майкла Рыўза і Тома Бэйкера дый ідэі Джона Бёрка
Адзнака: 7

Стары прафэсар (Барыс Карлаф), якога высьмейвалі калегі, стварыў машыну, з дапамогай якой можна гіпнатызаваць людзей і на адлегласьці кіраваць іхняю воляй. Разам з жонкай Эстэл (Кэтрын Лэйсі) ён запрашае выпадковага маладога чалавека “пакаштаваць новых пачуцьцяў”. Але ахвяра экспэрымэнту губляе кантроль над сваім жыцьцём, а старая пачынае забіваць чужымі рукамі…

Адна з апошніх карцінаў Барыса Карлафа – клясычнага Франкенштэйна й Муміі. У “Чараўніках” ягоны герой – станоўчы пэрсанаж (праўда, ня здольны спыніць зло). А гераіня Кэтрын Лэйсі – сапраўдная фурыя, якая адкрывае асалоду беспакаранай улады.

У карціне Майкла Рыўза, які памёр маладым, зьнямогласьць і зайздрасьць старасьці рыфмуюцца з нудой й спустошанасьцю маладосьці, стомленай сэксуальнаю рэвалюцыяй.

Загіпнатызаваны забойца, які прымушае ахвяру сьпяваць на цёмных вуліцах, чужыя жэсты й страта памяці, пагоні, скрыўлены твар няшчаснай старой... У фільме мала адмысловых эфэктаў, але шмат напружанага чаканьня й псыхалягічных нюансаў.

Карціна на 13 гадоў апярэдзіла “Сканэраў” Дэйвіда Кронэнбэрга.

13 лістапада, аўторак , TV-21 13:25 21:25; 14 лістапада, серада, TV-21 05:25

posterБАНДЫТЫ ЧАСУ (Бандиты времени / Time Bandits)
Вялікабрытанія, 1981, каляровы, 107 хв.
Рэжысэр: Тэры Гіліям
Ролі выконваюць: Джон Кліз, Шон Конэры, Шэры Дзювал, Кэтрын Гэлманд, Ян Голм, Майкл Палін, Ральф Рычардсан
Жанр: Фантазійныя прыгоды для сямейнага прагляду
Прызы: Намінацыі на прэмію “Сатурн” за найлепшую рэжысуру, найлепшы сцэнар, найлепшыя адмысловыя эфэкты, прэзыэнцкая прэмія “Сатурн”, намінацыя за найлепшы фільм на МКФ Фантаспорта – усяго 8 прэмій і 1 намінацыя

Аднойчы ў спальні маленькага Кевіна адчыняюцца дзьверы – і адтуль вывальваюцца карлікі бандыцкага выгляду, якія зацягваюць хлопца ў свае прыгоды. Хеўра на чале з авантурнікам Рэндалам вандруе па прасторы й часе, выкарыстоўваючы скрадзеную мапу чорных дзірак. Гістарычныя пэрсанажы, сярод якіх ёсьць Агамемнан (Шон Конэры) і Напалеон (Ян Голм) – будуць вельмі незадаволеныя, чаго нельга сказаць пра гледачоў…

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?