Азербайджан для Беларусі з'яўляецца адной з прыярытэтных дзяржаў для развіцця супрацоўніцтва.
Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 чэрвеня ў Мінску на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Азербайджана Артурам Расі-задэ.
Як паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта, Лукашэнка падкрэсліў, што Азербайджан з'яўляецца для Беларусі адной з блізкіх краін, а паміж прэзідэнтамі дзвюх дзяржаў традыцыйна існуюць добрыя адносіны. «У нас вельмі паспяхова развіваецца супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, — сказаў Лукашэнка. — Нягледзячы на пэўныя цяжкасці і праблемы, — а яны заўсёды існуюць, — мы пазбеглі закрытых тэм у нашым супрацоўніцтве. Мы абсалютна адкрытыя для вас: няма той наменклатуры тавараў, якія мы не можам пастаўляць вам ці якія вы не можаце прадаваць у нас, няма забароненых тэм для стварэння сумесных прадпрыемстваў, што мы і робім у Азербайджане».
Лукашэнка папрасіў, каб у Азербайджане памяталі, што ў іх «ёсць вельмі блізкая краіна Беларусь і сюды можна прыходзіць з інвестыцыямі».
«Мы заўсёды будзем вас падтрымліваць. Азербайджан з'яўляецца для нас адной з прыярытэтных дзяржаў, і мы вельмі добра памятаем тыя часы, калі нам было вельмі складана і цяжка, і вы літаральна на працягу некалькіх дзён падставілі нам плячо, — сказаў Лукашэнка. — Вы павінны разумець, што мы для вас з'яўляемся самым блізкім сябрам і зацікаўленыя ў вырашэнні ўсіх вашых праблем, нават самых вострых. І калі мы штосьці зможам зрабіць у гэтым плане, вы можаце на нас разлічваць».