Я жыў у свой час на Сакольніцкім вале ў суседнім доме з Жырыноўскім. Ён тады не быў нікому вядомы, але мне запомніўся. Я выводзіў па раніцах сабаку ў парк, а там ля ўваходу ў ружоўнік стаяў маляўнічы Уладзімір Вольфавіч у трэніровачным касцюме і рабіў зарадку. У поўнай самоце. Узімку таксама.

Узімку 1989—1990 года, падчас гарбачоўскага бурлення, мяне вылучылі ў Массавет, адным з этапаў павінен быў стаць сход жыхароў. Ініцыятыўнай групе паслядоўна адмовілі ў арэндзе усіх існуючых у раёне залаў. Тады было вырашана правесці сход стоячы, у двары дома №50 (я там жыў якраз). Сабраліся пад покрывам цемры, прэзідыум размясціўся ў дзіцячай пясочніцы. І я з пясочніцы звярнуў увагу на Уладзіміра Вольфавіча, у насунутым на вочы берэце (ён быў падобны да Папанава ў ролі таксіста ў «Брыльянтавай руцэ»): Уладзімір Вольфавіч стаяў убаку, у цені і крадком канспектаваў у нататнік прамовы выступоўцаў. Паўтараю: ніхто яго не ведаў, па тэлевізары ніколі не бачыў. Так што ён мог шыфравацца цалкам спакойна.

Бліжэй да сакавіка пачаліся сустрэчы з выбаршчыкамі. Нас было дзевяць кандыдатаў, і на ўсіх зладзілі агульную сустрэчу ў будынку тэатра ў Сакольніках. Тады я ўпершыню пачуў выступ Жырыноўскага. Ён двойчы прарываўся на сцэну ў якасці шараговага сакольніцкага жыхара. У першы раз ён вылез, каб задаць мне падступнае пытанне: ці не лічу я здрадай Радзіме супрацоўніцтва з радыёстанцыямі «Свабода». Са мной там канкураваў начальнік Сакольніцкага КДБ Л.М. Сапелкін, і Жырыноўскі, як я зразумеў, быў у яго групе падтрымкі. Ва ўсякім выпадку Уладзімір Вольфавіч другі раз выйшаў на сцэну з такімі словамі: «Ад імя жыхароў Сакольніцкага раёна прапаную падтрымаць Льва Мікалаевіча Сапелкіна, які так шмат што зрабіў для нашага мікрараёна». Пра пасаду гэтага таварыша ён змаўчаў. І потым ён прыходзіў на ўсе сустрэчы, па ўсіх адрасах і заўсёды казаў пра вялікі ўклад у жыццё раёна Льва Мікалаевіча. А праз пару месяцаў я ўжо ўбачыў яго па тэлевізары, а яшчэ праз пару месяцаў пазнаёміўся асабіста. Ён аказаўся аднакурснікам майго амерыканскага прыяцеля, журналіста Валодзі Казлоўскага — яны разам вучыліся ў Інстытуце краін Азіі і Афрыкі. Бачыў я і яго сынка і шкадаваў Уладзіміра Вольфавіча: сыну было гадоў 17, але ў яго з рота некантралявана цякла сліна, а з носа соплі, ён не казаў, а штосьці мычаў. Я думаў, ён дзіця-інвалід. Сам Уладзімір Вольфавіч быў тады бедным як царкоўная мыш.

І трэба ж: праз год Уладзімір Вольфавіч ужо балатаваўся ў прэзідэнты Расіі. Неўзабаве стаў дэпутатам, а следам за сабой пацягнуў сынка-дэбіла. Малодшы Жырык стаў дэпутатам у 27 гадоў. У 2000 годзе ён ужо кіраўнік фракцыі ЛДПР, а цяпер — ажно цэлы намеснік старшыні Дзярждумы, ды яшчэ і доктар нейкіх навук. Пры гэтым сын з бацькам, ні секунды не працуючы ў бізнэсе, вельмі хутка сталі казачна багатыя.

Навальны апублікаваў пост пра не ўказаную ў дэкларацыі сынка яго 440-метровую кватэру ў Дубаі, набытую ім за тры мільёны баксаў. Чаму я не здзіўлены?

Як пісаў Восіп Мандэльштам, «узмужнелі дажджавыя чарвякі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?