Чарапашкі-ніндзя

Жанр: фантастыка, баявік, камедыя, прыгоды
Рэжысёр: Джонатан Лібесман
У ролях: Меган Фокс, Алан Рычсан, Джоні Ноксвіл, Наэль Фішар, Уіл Арнет, Уільям Фіхтнер, Вупі Голдсберг, Джэрэмі Ховард.
ЗША, 90 хв.

У Нью-Ёрку лютуе жорсткая банда, якая імкнецца захапіць кантроль над горадам, — клан Фут на чале з японскім майстрам Шрэдэрам.

Супрацьстаіць іх разбуральнай дзейнасці мужная чацвёрка чарапах-мутантаў, ахвяр даследчыкаў, якія некалі спрабавалі вынайсці спецыяльны мутаген. Цяпер Мікеланджала, Данатэла, Рафаэль і Леанарда гатовыя выйсці з каналізацыі, дзе правялі ўсё жыццё ў бясконцых трэніроўках, каб разам з новай сяброўкай Эйпрыл разгадаць план Шрэдэра і абараніць увесь горад ад пагрозы.

Выхад фільма прымеркаваны да 30-годдзя франшызы: у 1984 выйшаў першы комікс пра чарапах-ніндзя Teenage Mutant Ninja Turtles. З таго часу гісторыя распаўсюдзілася ў іншых фарматах (кіно, гульні і мультфільмы). Найбольш знакаміты з іх — мульт-серыял 1987, адкуль сталі вядомыя сюжэт і дэталі гісторыі: чацвёрка падлеткаў чарапах-ніндзя разам са сваім пацуком-настаўнікам Сплінтэрам жыве ў каналізацыі, змагаецца за спакой Нью-Ёрка, любіць піцу і мае сяброўку сярод людзей — тэлевядучую Эйпрыл О’Ніл. Стужка 2014 захоўвае гэтыя знаёмыя дэталі і расказвае тую самую гісторыю, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі для стварэння найбольш рэалістычнага відовішча.

Фільм арыентаваны найперш на падлеткавую аўдыторыю, якая захапляецца сучаснай поп-культурай.

Крутыя бойкі, заснаваныя на ўсходніх адзінаборствах, баявая машына, якой карыстаецца Шрэдэр, месцамі псеўдадакументальная манера здымак робяць фільм захапляльным. Аднак схільнасць амерыканскіх кінавырабаў да празмернай драматызацыі і тупаваты гумар часам псуюць уражанне.

Ужо вядома, што аматараў франшызы чакае мінімум трылогія. У сіквелах з’явяцца іншыя вядомыя злодзеі-мутанты Бібап і Рокстэдзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?