Пералік бясплатных медыцынскіх паслуг, што могуць быць аказаны грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў Расіі, неабходна ўдакладняць у канкрэтнай установе аховы здароўя або тэрытарыяльных органах аховы здароўя. Такая рэкамендацыя змешчана ў растлумачэнні, што паступіла ў БЕЛТА, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

У Пасткаме нагадалі, што аказанне медыцынскай дапамогі беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца ў РФ, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з міжурадавым беларуска-расійскім Пагадненнем аб аказанні медыцынскай дапамогі грамадзянам Рэспублікі Беларусь ва ўстановах аховы здароўя Расійскай Федэрацыі і грамадзянам Расійскай Федэрацыі ва ўстановах аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 24 студзеня 2006 года і заканадаўствам РФ.

Гэта пагадненне вылучае некалькі катэгорый грамадзян. Так, грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у Расіі (маюць пасведчанне на права жыхарства ў РФ), маюць роўныя правы з расійскімі грамадзянамі на атрыманне медыцынскай дапамогі, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных і муніцыпальных установах аховы здароўя па полісе абавязковага медыцынскага страхавання (АМС). 

Грамадзяне Беларусі - Героі Савецкага Саюза і кавалеры ордэна Славы трох ступеней - маюць роўныя правы з грамадзянамі РФ на атрыманне медыцынскай дапамогі, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных і муніцыпальных установах аховы здароўя Расіі.

Грамадзяне Беларусі, якія часова знаходзяцца і часова пражываюць і не працуюць у Расіі, маюць права на атрыманне бясплатнай хуткай медыцынскай дапамогі і медыцынскай дапамогі ў выпадку ўзнікнення ў іх у перыяд знаходжання ў РФ захворванняў, што ўяўляюць небяспеку для навакольных (пералік сацыяльна небяспечных захворванняў вызначаецца ўрадам РФ). Яны таксама могуць атрымліваць медыцынскую дапамогу па набытых полісах добраахвотнага медыцынскага страхавання або аплачваючы медыцынскія паслугі непасрэдна ва ўстановах аховы здароўя.

Грамадзяне Беларусі, якія часова знаходзяцца і працуюць у Расіі, маюць роўныя правы з грамадзянамі РФ, якія працуюць у гэтых установах (арганізацыях), на атрыманне медыцынскай дапамогі ў дзяржаўных і муніцыпальных установах аховы здароўя РФ у адпаведнасці з тэрытарыяльнымі праграмамі дзяржаўных гарантый аказання грамадзянам РФ бясплатнай медыцынскай дапамогі.

У Пасткаме паведамілі, што Міністэрства аховы здароўя і сацыяльнага развіцця Расіі накіравала кіраўнікам органаў аховы здароўя суб'ектаў РФ інфармацыйнае пісьмо аб парадку аказання медыцынскай дапамогі грамадзянам Беларусі ў дзяржаўных і муніцыпальных установах аховы здароўя РФ і даручыла давесці гэту інфармацыю да падведамных ім медыцынскіх арганізацый.

У прыватнасці, дэпартамент аховы здароўя ўрада Масквы па запыце Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы інфармаваў, што грамадзянам Беларусі, якія часова знаходзяцца і працуюць у Маскве і незалежна ад іх прыналежнасці да сістэмы абавязковага медыцынскага страхавання, медыцынская дапамога аказваецца ва ўстановах аховы здароўя, падведамных дэпартаменту аховы здароўя, за кошт гарадскога бюджэту.

Аналагічны парадак арганізацыі аказання медыцынскай дапамогі пацверджаны адміністрацыямі Смаленскай, Курскай, Тульскай, Бранскай, Калужскай, Цвярской і Пскоўскай абласцей, дзе апошнія гады часова працуе значная колькасць грамадзян Беларусі.

Вызначэнне аб'ёмаў, відаў і ўмоў аказання бясплатнай медыцынскай дапамогі, а таксама спосабаў яе фінансавання належыць да паўнамоцтваў органаў мясцовага самакіравання муніцыпальных раёнаў і гарадскіх акруг.

«Грамадзянам Беларусі, якія часова знаходзяцца і працуюць у Расіі, для атрымання бясплатнай медыцынскай дапамогі патрабуецца, як правіла, падаць заяву галоўнаму ўрачу медыцынскай установы па месцы жыхарства, прыкласці копію пашпарта, копію дакументаў, што пацвярджаюць пастаноўку на міграцыйны ўлік па месцы знаходжання, або копію дагавора на арэнду жылога памяшкання, - адзначылі ў Пасткаме. - У выпадку неправамернай адмовы медыцынскай установы ў аказанні бясплатнай медыцынскай дапамогі магчымы зварот у тэрытарыяльныя органы аховы здароўя».

Акрамя таго, з 1 студзеня 2015 года з уступленнем у сілу Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе абавязковае сацыяльнае страхаванне на выпадак часовай непрацаздольнасці і ў сувязі з мацярынствам грамадзян Беларусі будзе ажыццяўляцца на тых жа ўмовах і ў тым жа парадку, што і грамадзян Расіі, паведамілі ў Пасткаме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0