Конкурс для маладых вучоных у намінацыі «Нана- і мікраструктуры: тэхналогіі атрымання, дыягностыка і новыя прымяненні» аб'явілі сёння Фонд падтрымкі адукацыі і навукі (Алфёраўскі фонд) і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, паведамілі ў прэс-службе НАН.

Дакументы з паметкай «На саісканне прэміі Алфёраўскага фонду і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі для маладых вучоных 2014 года» павінны быць прадастаўлены ў НАН не пазней за 31 кастрычніка 2014 года.

Удзельнічаць у конкурсе можа адзін аўтар або група аўтараў у складзе не больш як трох чалавек. Навуковая ацэнка работ будзе ажыццяўляцца камісіяй па прысуджэнні прэміі Алфёраўскага фонду і НАН Беларусі. У яе склад уключаны вучоныя ў адпаведнасці з аб'яўленай намінацыяй. Пераможца спаборніцтва атрымае суму ў беларускіх рублях, эквівалентную $2,5 тыс.

Прэмія Алфёраўскага фонду і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за навуковыя працы і вынаходствы, якія маюць важнае значэнне для фундаментальнай і прыкладной навукі, заснавана 5 чэрвеня 2014 года ў мэтах заахвочвання маладых (да 35 гадоў) беларускіх вучоных. З ініцыятывай выступіў нобелеўскі лаўрэат, віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі навук, замежны член НАН Беларусі, акадэмік РАН Жарэс Алфёраў. Прэмія будзе ўручацца штогод ад імя заснавальнікаў напярэдадні дня стварэння Нацыянальнай акадэміі навук па выніках конкурсу.

Для найбольш поўнага ахопу ўсіх напрамкаў даследаванняў прадугледжана іх ратацыя ў рамках трохгадовага цыкла. Штогод будзе аб'яўляцца конкурс на саісканне гэтай прэміі паслядоўна па наступных напрамках даследаванняў: фізіка, матэматыка, інфарматыка, фізіка-тэхнічныя навукі; біялогія, хімія, медыцына, аграрныя навукі і навукі аб зямлі; навуковыя даследаванні гуманітарнай накіраванасці, звязаныя метадалагічна з прыродазнаўчанавуковымі даследаваннямі.

«У асобных выпадках магчыма аб'яўленне конкурсу па намінацыі, якая аб'ядноўвае даследаванні вышэйпералічаных напрамкаў навуковых даследаванняў», — падкрэслілі ў прэс-службе НАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?