kommersant.ru

kommersant.ru

Прадуктовае эмбарга Расіі адкрывае ўсё новыя магчымасці для пастаўшчыкоў з Беларусі. Услед за магчымасцю імпартаваць у Расію харчовую прадукцыю глыбокай перапрацоўкі з краін, якія трапілі ў санкцыйны спіс, беларускія пастаўшчыкі могуць быць вызваленыя ад «бонусаў» за месца на паліцы расійскіх прадуктовых сетак.

Пра гэта паведамляе сёння Коммерсант.

Такія бонусы фармальна ўжо забароненыя законам, але неафіцыйна працягваюць выплачвацца ў суме ад 1 млн да 25 млн расійскіх рублёў за таварную пазіцыю. Толькі экспарт беларускай малочнай прадукцыі ў Расію за мінулы год склаў больш за $2 млрд.

Адмена ўваходных бонусаў за трапленне ў расійскія гандлёвыя сеткі для беларускіх пастаўшчыкоў абмяркоўвалася ў канцы жніўня ў ходзе візіту ў Мінск дэлегацыі, якая ўключала кіраўніка дэпартамента гандлю і паслуг Масквы Аляксея Немzрука і прадстаўнікоў найбуйнейшых расійскіх рытэйлераў, распавёў суразмоўца «Коммерсанта», знаёмы з ходам перамоваў.

Такая прапанова паступіла ад саміх расійскіх сетак — гаворка ідзе пра катэгорыі тавараў, якія трапілі пад санкцыі Расіі ў дачыненні да вытворцаў Еўрасаюза і іншых краін, удакладніла крыніца.

Спадар Немярук пацвердзіў, што ведае пра такія планы рытэйлераў. У адной з федэральных гандлёвых сетак пацвердзілі, што разглядаюць магчымасць супрацоўніцтва з беларускімі пастаўшчыкамі без бонусаў, але «пакуль ніякіх пагадненняў або дагавораў не заключана».

Прадстаўнік Х5 Retail Group («Перекресток», «Пяцёрачка», «Карусель») Уладзімір Русанаў падкрэсліў, што ў Мінску рытэйлеры абмяркоўвалі пашырэнне супрацоўніцтва, але не абяцалі спецыяльных умоў, паколькі па многіх таварных катэгорыях уваходныя бонусы ў сетках Х5 «даўно адменены». Прадстаўнік Metro Аксана Токарава паведаміла, што ў рытэйлера для ўсіх пастаўшчыкоў роўныя ўмовы працы ў адпаведнасці з законам «Аб гандлі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0