«Не памятаю, як скокнуў і ўхапіў за нагу. Наступны момант — я крычу хлопцам аб дапамозе, бо мог паляцець уніз».

Пра гэты цуд ведаюць, напэўна, усе. З брыля лоджыі на 19-м паверсе хацеў саскочыць 56-гадовы мужчына. Толькі дзякуючы ратавальніку чалавек застаўся жывы — у апошнюю секунду яго ўдалося схапіць за нагу і зацягнуць на дах.

Раніцай у панядзелак Арцём Гаўручонак працуе начальнікам варты ПАВЧ-26 Фрунзенскага раёна.

Паразмаўляць з героем аказалася вельмі проста, разгаварыць — нашмат цяжэй. Вельмі сціплы чалавек. Арцём згадвае, як ўсё адбывалася на вуліцы Цімашэнкі.

Ён адразу заўважыў чалавека, які сядзеў спінай да прорвы.

«Спачатку знізу спрабавалі з ім размаўляць, але было дрэнна чуваць. Тады пайшлі наверх. Дзверы былі, як ні дзіўна, адчыненыя — яны ўсе павінныя быць зачыненыя.

Я так зразумеў, што чалавек рыхтаваўся. Яго дом за некалькі кіламетраў, і ён абышоў высоткі, бо шукаў адкрытыя дзверы.

Хутка мы яго не схапілі б — перашкаджала адлегласць, таму пачалі размаўляць, чаму так здарылася. Ён казаў, што не еў тры дні, што перажывае, што прыносіць нязручнасці родным. У яго праблемы са здароўем, а дактары не маглі вызначыць прычыну. Ад гэтага ён пакутуе. Кажа, што перашкаджае жыць родным, і ў яго проста няма іншага выйсця».

Па словах Арцёма, ратавальнікаў адмыслова не рыхтуюць размаўляць з людзьмі ў такіх сітуацыях. Так, праходзяць курсы, але такой грунтоўнай падрыхтоўкі, як у псіхолагаў, няма.

«Мы імкнуліся супакоіць яго, націснуць на тое, што ў яго трое дзяцей, казалі пра дарагія яму рэчы. Каб толькі ведаць тры такія фразы, якія абавязкова выратуюць чалавека!

А тут кажаш і ніколі не ведаеш, як чалавек адрэагуе на твае словы. Гэта вельмі складана псіхалагічна. Я размаўляў і пракручваў у галаве сітуацыю, як дапамагчы чалавеку».

Нечакана чалавек спытаў у Арцёма яго мабільны, бо яго тэлефон разрадзіўся, а ён хацеў патэлефанаваць родным, развітацца:

«Калі я перадаваў тэлефон, то паспрабаваў схапіць яго за руку, але ён адразу сказаў, маўляў, са мной не жартуйце так. Першаму патэлефанаваў роднаму брату, развітаўся з ім, той паспрабаваў яго адгаварыць. Потым патэлефанаваў жонцы, нешта ёй сказаў. Бліжэй, чым на адлегласць рукі, ён не падпускаў.

Я зразумеў, што дзеці ўзялі трубку. Ён нават сказаў, маўляў, вы адзін аднаму перадайце гэты тэлефон. Пасля гэтых слоў я зразумеў, што гэта кропка…

— Арцём змаўкае і ўжо не хутка працягвае размову. — Ён нахіліўся і… пайшоў уніз.

Я не памятаю, як скокнуў і ўхапіў за нагу. Наступны момант — я крычу з усёй сілы хлопцам аб дапамозе. Мне дапамагаў камандзір аддзялення з 12-й часткі Валерый Мазаўка.

Там не было ніякай апоры, і я мог паляцець уніз. А той хапаў мяне за рукі, каб я яго адпусціў…»

Чалавека выцягнулі, адвялі да «хуткай», далі супакаяльнае.

«Ён не дзякаваў. Выратаваныя наогул рэдка дзякуюць, а ён казаў: чаго вы мяне выратавалі? Мне брат потым тэлефанаваў, дзякаваў вельмі, я сам таксама тэлефанаваў у бальніцу, дазнаваўся, як ён».

Арцём і раней размаўляў з самагубцамі. Але такі выпадак з ім здарыўся ўпершыню.

«Дзяўчына была маладая — непадзеленае каханне. Тут усё па-іншаму было. Недзе ў душы, у падсвядомасці, я здагадваўся, адчуваў, што сітуацыя будзе няпростая, і думаў пра такі вынік», — кажа Арцём.

Што сказала ваша жонка, калі даведалася пра такое?

«Лаялася спачатку! Казала, чым я думаў, бо ў мяне самога двое дзетак. Малодшай сем месяцаў, старэйшай пяць гадоў. Потым, праўда, жонка адышла, супакоілася. Вядома, яна перажывала, пыталася, пра што я думаў. Але так не атрымліваецца — думаць пра сябе. Калі адпрацуеш столькі, ужо адчуваеш пакліканне. Тут гераічнага нічога няма. Гэта праца».

Арцём родам з Полацка. Ён кажа, што заўсёды хацеў быць ратавальнікам. Спачатку вучыўся і працаваў у родным Полацку ў МНС на заводзе «Палімір». Паступіў у камандна-інжынерны інстытут і пераехаў з жонкай у Мінск. Мае званне старшага лейтэнанта. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?