Пра гэта экс-палітвязень Зміцер Дашкевіч напісаў у сваім акаўнце ў Facebook. Учора, 29 кастрычніка, Дашкевіч браў удзел у прэзентацыі кнігі «Голас волі з-за кратаў: Анталогія твораў беларускіх палітзняволеных», што прайшла ў ЕГУ (Вільня).

Дашкевіч маляўніча апісаў сітуацыю:

«Агулам, надгляд на мяжы прайшлі добра. І доўга: доўга высвечвалі днішча машыны (ніколі такога не прыгадаю! а я ж грэшным дзелам падумаў быў, што спісалі мяне з рахункаў), шукалі дзярждэпаўскія мільёны, і ўжо пачыналі маркоціцца, але калі глянулі ў заплечнік, надта абрадаваліся. «Прайдзёмце!» - папрасілі лыбячыся. «Што за кніжачка? — запыталі ў кабінеціку, — Ваша?» «Мая, — адказаў я, — вазьміце пачытаць, вазьміце ўсе 12».

Агулам, усё прайшло добра — гэта я пра «Чарвяка», якога падпісваў мытнікам Каменнага Логу паўночы. А мытнічкі ж такія ласкавыя: праз аднаго па-беларуску, і курчатку здыміце «пажалста», і пінжачок здыміце «пажалста», і кашульку здыміце «пажалста», і дайце вас памацаць «пажалста».

Мацалі агулам, з радасцю разбіралі падпісаныя кнігі і абяцалі перадаць іх на мастацка-балістычную экспертызу — дзеля вывучэння на антыдзяржаўны экстрэмізм.

Агулам, сам расслабіўся і згубіў баявую пільнасць. Але, зважаючы на тое, што усе тэксты друкаваліся ў зарэгістраваных газетах, прачытаць пра чарвячыны экстрэмізм будзе цікава — тады трэба прызнаць экстрэмісцкімі тыя нумары «Нашай Нівы» і «Народнай волі», якія тэксты зборніка зьмяшчалі, гэтыя нумары падняць з падшывак — і нейтралізаваць.

А агулам, усё прайшло класна — гэта я ўжо пра сабраную Аляксандрам Фядутам анталогію «Голас волі з-за кратаў», што была прэзентавана ў Вільні. Першы беларускі палітвязень Шарамет перакульваў на Някляева стаканы, а Някляеў рубаў лірыку і быў феерычны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?