Вядомы бізнэсмэн і палітык, былы міністр эканомікі Грузіі Каха Бендукідзэ памёр у адным з гатэляў Лондана. Паводле папярэдніх дадзеных, прычынай смерці стала сардэчная недастатковасць. Раней паведамлялася, што прадпрымальнік наведаў Швейцарыю для лячэння хваробы сэрца. Пра гэта паведамляе агенцтва «Навіны-Грузія».

Міхаіл Хадаркоўскі напісаў у сваім твітары, што незадоўга да смерці Бендукідзэ перанёс аперацыю: «Бачыліся з Кахам тры дні таму. Ён толькі пачаў хадзіць пасля аперацыі. Сышоў добры чалавек і добры сябар. Балюча і горка. Зямля яму пухам».

Біёлаг па адукацыі, Бендукідзэ пачаў займацца бізнесам яшчэ ў СССР, заробленыя сродкі дазволілі яму паўдзельнічаць у прыватызацыі. Ён набыў 17% акцый «Уралмаша» на чэкавым аўкцыёне ўсяго за $500 000. Затым на базе «Уралмаша» Бендукідзэ стварыў холдынг «Аб'яднаныя машынабудаўнічыя заводы» (ОМЗ). Да 2004 года ён быў віцэ-прэзідэнтам Расійскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РСПП), аднак пасля «рэвалюцыі ружаў» у Грузіі з'ехаў у Тбілісі, а праз год прадаў свае акцыі ў ОМЗ.

Ён стаў міністрам, які заклаў асновы грузінскага эканамічнага росту.

«У нейкі момант я зразумеў, што ўсё жыццё займацца бізнесам мне асабіста нецікава», — распавядаў прадпрымальнік перад сваім ад'ездам у Грузію. 42% акцый ОМЗ, якія належалі Бендукідзэ і яго партнёрам, былі прададзеныя за $ 50—70 млн.

У 2014 годзе ён падтрымаў Украіну. «Як Украіне паводзіць сябе з такім суседам, як Расія?» — спыталі ў яго.

«Разварочвацца спіной, — адказаў ён. — Але гэта не значыць, што трэба ставіць перашкоды расійскім прадуктам і капіталу. Нясціпла так казаць, але мне падабаецца палітыка Грузіі ў дачыненні да Расіі. Калі Расія закрыла мяжу для нашых тавараў, мы не забаранілі ўвоз расейскіх. Расія ўвяла візы, мы спачатку таксама ўвялі, але потым адмянілі».

Затое, раіў ён: «Трэба рваць культурныя сувязі. У першую чаргу адмовіцца ад расійскага тэлебачання — гэта крыніца атруты».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0