Калі міліцыя затрымала, у яе пачалася ломка, кідала то ў жар, то ў холад. Разам з ёй затрымалі двух хлопцаў.

Пра злачынную схему продажу наркотыка распавёў начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Маладзечанскага райаддзела міліцыі Дзмітры Сухоцкі.

Дзяўчына закупляла наркатычныя рэагенты ў Мінску, а ў Маладзечне на здымнай кватэры рабіла спайс.

Разам са сваім 21-гадовым маладым чалавекам, што працуе ахоўнікам, яна стварыла ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» суполку, праз якую прадавала наркотык. Пакупнік пісаў заказ, пералічваў грошы праз электронны кашалёк, а яму дасылалі паведамленне, дзе будзе схаваная закладка з наркотыкам.

Далей да справы далучаўся 22-гадовы таксіст, які падвозіў яе да патрэбнага месца. Дзяўчына рабіла закладку наркотыку.

Як паведаміў міліцыянер, траіх затрымалі ў аўторак, 11 лістапада. Сёння іх плануюць арыштаваць. Дзяўчына рабіла закладкі на могілках, што месцяцца каля мікрараёна Парашкі, у гаражным кааператыве.

Міліцыя знайшла 18 закладак пад вазамі ля магіл, у трэшчынах. У аднаго з затрыманых дома міліцыя знайшла 60 грамаў псіхатропнага рэчыва.

Са створанай для продажу наркотыку суполкі актыўна выдаляюцца сябры, але міліцыя многіх пакупнікоў ужо правярае.

Таксама шукаюць тых, хто прадаваў падазраванай рэагенты ў Мінску па такой жа схеме закладак.

Дзяўчыне і яе маладому чалавеку пагражае да 13 год пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй маёмасці. Што тычыцца таксіста, то з ім сітуацыя неадназначная. Ён запэўнівае, што не ведаў дакладна, для чаго вазіў дзяўчыну.

Малады чалавек, які займаўся групай у сацыяльнай сетцы, мае дзіця ад іншай жанчыны.

Сама 18-гадовая дзяўчына прыехала з Вілейскага раёна. Вучылася ў політэхнічным каледжы, але яе адлічылі. Не працавала, жыла на здымнай кватэры. Яна сама 2-3 гады ўжывала наркотыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?