Навукоўцы з Цюрыхскага ўніверсітэта (Швейцарыя) прыйшлі да высновы: стрэс у дзяцінстве трэніруе навыкі адаптацыі ў дарослым жыцці і карысны для нашчадкаў.

Прынамсі, сярод мышэй. Вынікі даследвання апублікаваныя ў часопісе Nature Communications.

Навукоўцы на два тыдні забралі мышанят ад бацькоў і стварылі для іх стрэсавыя ўмовы. Большасць вопытаў на жывёлах паказвае, што моцны стрэс на першых тыднях жыцця негатыўна ўплывае на імунітэт і кагнітыўныя здольнасці. Але, як даказалі швейцарцы, ёсць і станоўчыя моманты ў цяжкім дзяцінстве (напрыклад, мэтанакіраванасць і лепшая адаптацыя да пераменлівых умоў), якія перадаюцца і нашчадкам падвопытнага. Нават калі ў іх спакойнае дзяцінства.

У мышэй адбываліся эпігенетычныя змены ў гене, што адказвае за мінералкартыкоідны рэцэптар. У гіпаталамус паступала меней мінералкартыкоідаў — гармонаў, якія ў тым ліку выконваюць значную ролю ў рэакцыі на стрэс.

Даследванне дае яшчэ адзін доказ таго, што стрэс мае не толькі кароткатэрміновы псіхалагічны, але і значна больш глыбокі, карэнны ўплыў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?