«Зараз узнагароды свае пакажу», — кажа немалады, але яшчэ дужы мужчына, адкрываючы адну за адной шуфляды стала ў сваім хатнім кабінеце. На стале з’яўляюцца ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, медаль «За працоўныя заслугі», медаль святой вялікапакутніцы Анастасіі Вызваліцельніцы вязняў…

Агулам — больш за паўтара дзясятка ўзнагарод, дзяржаўных і царкоўных, плюс салідны стос розных дыпломаў і ганаровых грамат. Яны і ўспаміны — вось і ўсё, што засталося ад паўстагоддзя працы Барыса Міхнюка — былога кіраўніка «Івацэвічдрэва», якога ў 2012-м з ганьбай звольніў Аляксандр Лукашэнка.

«Ну, дырэктар, не ведаю, што ты тут зробіш»

«Крута павярнулася мая кар’ера, — смяецца Міхнюк, згадваючы прызначэнне дырэктарам лыжнай фабрыкі ў Целяханах у 1974. — Жонка трошкі пярэчыла, але я пагадзіўся».

На той момант лыжная фабрыка была ў жудасным стане, успамінае Барыс Міхайлавіч. Аднак што рабіць — прыйшлося працаваць.

У Целяханах Міхнюк правёў 12 гадоў. За гэты час прадпрыемства перааснасцілі, выпуск прадукцыі павысіўся амаль у чатыры разы.

«Аднойчы да нас прыехаў сакратар Пінскага гаркама партыі — паглядзець прадпрыемства. І вось праз некалькі тыдняў пасля яго візіту мяне выклікалі ў міністэрства і сказалі: будзеш генеральным дырэктарам «Пінскдрэва», — расказвае Міхнюк. — Я спачатку пагадзіўся. Але потым вярнуўся дадому, абмеркаваў з жонкай ды вырашыў ад пасады адмовіцца».

Аднак хутка міністэрства ізноў прапанавала Барысу Міхайлавічу павышэнне. Мэблевыя і дрэвааапрацоўчыя прадпрыемствы Брэсцкай вобласці аб’ядналі ў адну буйную арганізацы «Івацэвічдрэў», і ўзначаліць яе павінен быў Міхнюк. На гэты раз ён ужо пагадзіўся.

«Вось толькі карціна на прадпрыемстве была невясёлая, — успамінае Барыс Міхайлавіч. — Вытворчасць зусім запусцілі. Быў выпадак — да нас прыехаў старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета Таразевіч, агледзеў усё і кажа: «Ну, дырэктар, не ведаю, што ты тут зробіш».

Але прадпрыемства Міхнюк не згубіў. І перабудову перажылі, і нават развалам Саюза скарысталіся ўдала — змаглі набыць абсталяванне з Ленінграда і Балтыі. Пачалі працаваць на экспарт — у прадпрыемства з’явілася валюта. Нават у так званыя «ліхія 90-я» прадпрыемства жыло, а не выжывала. Складаныя моманты, вядома, былі, прызнаецца Барыс Міхайлавіч, даводзілася лічыць кожную капейку, шукаць новыя рынкі. Але ж, падкрэслівае ён, заўсёды ўдавалася абыходзіцца без скарачэнняў і запазычанасцяў.

«Пры Саюзе працаваць было прасцей, само сабой. Напрыклад, праблемы з пастаўкамі можна было вырашыць з дапамогай абкама партыі — адзіная ж краіна. А пасля — усё, ты застаўся сам, — кажа Міхнюк. — Таму бывала цяжка. Але, шчыра кажучы, па Саюзе я не вельмі сумую. Можа, і лепш, што Беларусь стала самастойнай».

Мадэрнізацыя — погляд знутры

З цягам часу абсталяванне на прадпрыемстве старэла, і неаднаразова ўзнікала пытанне аб будаўніцтве новага цэха. І нарэшце, калі была прынятая тая самая праграма па мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі, вырашана было закупаць новае абсталяванне.

Увогуле, у галіне дрэваапрацоўкі перамены даўно былі патрэбныя, падкрэслівае Барыс Міхайлавіч. Але з пэўнымі момантамі ён не зусім згодны.

«Напрыклад, пастанову аб забароне звальнення, пакуль не скончыцца мадэрнізацыя, я лічу не нармальнай. Хоць, можа, і не было іншага выйсця, — кажа Міхнюк. — А цяпер кіраўнік «Барысаўдрэва» Мальцаў пакутуе дарма. Проста знайшлі казла ахвярнага. А працаваў ён ад душы. Да таго ж, усе гэтыя рашэнні ён жа не сам прымаў, а яны прымаліся на радзе, дзе быў задзенічаны і Сямашка. Дарма на Мальцава павесілі ўсіх сабак — ён не вінаваты».

Расказаў Барыс Міхайлавіч і пра закупку новага абсталявання.

«Цікава, калі Тозік быў паслом у Кітаі, ён прапанаваў закупляць абсталяванне там. Маўляў, танней. Кіраўнікі прадпрыемстваў, і я ў тым ліку, з’ездзілі ў Кітай, але тое, што там нам паказалі — гэта быў ужо мінулы этап для нас. Пры гэтым на прадпрыемствы, дзе ў саміх кітайцаў стаяла нямецкае ці амерыканскае абсталяванне нас не пусцілі, — успамінае Міхнюк. — Аднак ў апошні дзень нашага візіту, кіраўніцтва канцэрна «Беллеспаперапрам» нам заявіла: ці кітайскае, ці ніякага! Нас было дзявяцера генеральных дырэктараў, і кожнага падымалі і пыталіся. І я шчыра сказаў — лепш тады нічога не набываць. Увогуле, пагадзіўся з такой прапановай толькі адзін дырэктар — кіраўнік «Бабруйскдрэва». Дык, наколькі я ведаю, тое кітайскае абсталяванне ў іх і да гэтага часу яшчэ не запушчана».

Карацей, прадпрыемствы ўсё ж атрымалі дазвол на закупку нямецкага абсталявання. На «Івацэвічдрэве» спачатку планавалі толькі новую лінію па вытворчасці ДСП, але, як кажуць, апетыт прыходзіць падчас ежы.

«Калі ДСП, дык трэба яго ламінаваць. Калі ламінаваць — трэба вырабляць смолы. А яшчэ і эканоміць рэсурсы — трэба энергетычная ўстаноўка… Карацей, праект разросся. На старой тэрыторыі месца ўжо не хапала. Знайшлі новае месца, і вырашылі будаваць усе там», — расказвае Міхнюк.

Але, кажа Барыс Міхайлавіч, работнікі Пінскага будтрэста, які займаўся ўзвядзеннем новага завода, да сваёй працы ставіліся проста жудасна — рабілі ўсё і няякасна, і не ў тэрмін. Праблемы былі і з падлогай, і з дахам, і са столяй…

«Напрыклад, амаль гектар падлогі зрабілі не з цэменту, а з будаўнічага раствору. Прыйшлося ўзрываць і перарабляць. За дах мы змагаліся амаль год, пакуль будаўнікі нарэшце ліквідавалі ўсе працечкі», — кажа Міхнюк.

Але будоўля нарэшце скончылася, і летам 2012 года новы цэх пачаў працу. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, тэрміны былі выкананыя.

Падрыхтоўка да ўласнага звальнення

У канцы жніўня 2012 года Барыс Міхайлавіч парваў ахілава сухажылле. І ў кастрычніку ён быў вымушаны легчы на аперацыю. Яна прайшла не вельмі ўдала, хадзіць яму было цяжка. Але ў лістападзе ён усё ж выйшаў на працу — стала вядома, што хутка паглядзець на новабудоўлю прыедзе Лукашэнка.

Таму большую частку часу Міхнюк праводзіў на новым заводзе. Па яго словах, праца там ішла, і ішла няблага. Набралі каля 200 чалавек, але першыя некалькі месяцаў, пакуль аб’ёмы вытворчасці былі малыя, заробкам іх забяспечваў менавіта стары комплекс.

«Рэнтабельнасць на ім была каля 13%. 17 мільярдаў рублёў на дэпазіце!» — з гонарам кажа Міхнюк. Праблем ні на адным з двух заводаў не было, падкрэслівае ён.

Неўзабаве перад візітам Лукашэнкі «Івацэвічдрэў» наведаў першы намеснік прэм’ер-міністра Сямашка. На заводзе правялі «генеральную рэпетыцыю», усё было прыбрана, людзі працавалі. «Да візіту кіраўніка дзяржавы былі гатовыя», — кажа Міхнюк.

Тады ён яшчэ не ведаў, што пасля гэтага візіту на яго бездакорнай кар’еры будзе пастаўлена кропка.

«Свабодзен!»

СМІ расказвалі, нібыта Лукашэнка, пралятаючы на верталёце, заўважыў безгаспадарчасць на тэрыторыі старога завода. Насамрэч, кажа Міхнюк, усё было не так. Гэты непрыбраны друз, разбітае шкло ў адным з цэхаў і іншыя моманты заўважылі прэзідэнцкія кантралёры, якія наведалі прадпрыемства за некаторы час перад візітам кіраўніка дзяржавы.

«Лукашэнка прыехаў на новы завод і адразу мне кажа: ты драўніну гноіш!

А там на двары мы стварылі запас для працы новага і старога заводаў. Я кажу: не, праз тры месяцы яе тут не будзе, — успамінае Міхнюк. — Ну, паглядзеў ён той новы завод і кажа: едзем на стары! Паехалі. На тэрыторыі прыбрана, але тут пыл, тут яшчэ нешта… Карацей, раптам ён кажа: усё, я цябе здымаю з пасады. Свабодзен. А там жа, як звычайна, вакол яго сабраліся нашыя супрацоўнікі, і яны пачалі за мяне заступацца, але ён сказаў: я ведаю лепш, чым вы. У вас тут бязладдзе».

Прэзідэнт з’ехаў. Новым кіраўніком «Івацэвічдрэва» на той жа сустрэчы быў прызначаны былы старшыня канцэрна «Беллеспаперпрам» Уладзімір Шульга. Міхнюк застаўся без працы.

Сямашка са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Сумарам паабяцалі Барысу Міхайлавічу: «Не хвалюйся, нейкую працу на прадпрыемстве мы табе знойдзем». Вось толькі праз пару дзён высветлілася, што нічога не атрымаецца. Як кажа сам Міхнюк, калі прэзідэнт зняў — то ўсё, нават дворнікам нельга працаваць. Прыйшлося раптоўна ісці на пенсію.

Бачна, што і сёння ўспамінаць пра звальненне Міхнюку складана.

Той год увогуле выдаўся для яго звышцяжкім — спачатку ў Берасці згвалцілі і забілі яго ўнучку. Потым — вось так выкінулі з прадпрыемства. Такое няпроста прыняць і маладому, а Барысу Міхайлавічу было ўжо за семдзесят.

«Так, мне было ўжо шмат — 73 гады. Да таго ж у 2013 годзе у мяне сканчаўся кантракт, і я не збіраўся яго працягваць. Я планаваў сыходзіць сам — але не так…» — неахвотна расказвае Міхнюк.

А на пытанне, што ён адчуваў пасля звальнення, Барыс Міхайлавіч увогуле адразу не адказвае. Пасля доўгай паўзы ён чамусьці адварочваецца ўбок і заплюшчвае вочы.

«Пяцьдзясят тры гады аддаў я гэтай прамысловасці…» — ціха-ціха кажа ён.

І плача.

* * *

Барыс Міхайлавіч Міхнюк нарадзіўся ў 1939 у вёсцы Ачукевічы Навагрудскага раёна. Скончыўшы сярэднюю школу ў суседняй Любчы, вырашыў паступаць у Лесатэхнічны інстытут, але з першага разу не атрымалася — праваліў матэматыку. Тады ён адразу падаў дакументы ў Мінскі лесатэхнічны тэхнікум, на спецыяльнасць « тэхнік-механік па лесанарыхтоўчым абсталяванні». Тэхнікум Міхнюк скончыў з адзнакай. А пасля вучобы быў накіраваны ў Івацэвіцкі леспрамгас.

Там ён пачаў працаваць матарыстам на вузкакалейцы. Праз два гады яго перавялі ў слесары, але ненадоўга — праз некалькі месяцаў Міхнюк ужо працаваў механікам: абслугоўваў трактары, пагрузчыкі і іншую тэхніку. Праз год пайшоў на павышэнне — стаў тэхнічным кіраўніком.

Таксама падчас працы Міхнюк усё ж паступіў у Лесатэхнічны інстытут. Вучыўся завочна. Пасля яго сканчэння адразу быў прызначаны начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзела ў тым жа Івацэвіцкім леспрамгасе.

На гэтай пасадзе Міхнюк прапрацаваў каля чатырох гадоў. Быў абраны сакратаром мясцовай партарганізацыі. Затым, у 1974 годзе, яго накіравалі дырэктарам на лыжную фабрыку ў Целяханах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?