Спецназ Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі перакрыў канал незаконнай міграцыі ў краіны Еўрапейскага саюза.
Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта Аляксандр Цішчанка, падчас спецыяльнай аперацыі супрацоўнікі Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў сумесна з Гродзенскай пагранічнай групай перакрылі канал незаконнай міграцыі ў Літву. На месцы злачынства затрыманы арганізатар канала, два саўдзельнікі і 12 незаконных мігрантаў з В'етнама.
Вечарам 30 снежня ў Гродзенскім раёне прадстаўнікі міжнароднай транснацыянальнай злачыннай групы паспрабавалі пераправіць праз мяжу незаконных мігрантаў.
Саўдзельнікі, выхадцы з Узбекістана і Азербайджана, на розных аўтамабілях даставілі да мяжы з Літвой дзве групы нелегалаў, дзе іх чакаў арганізатар, грамадзянін Расіі — выхадзец з Чачні, які павінен быў забяспечыць незаконны пераход мяжы. Устаноўлена, што арганізатар мае вопыт службы ў спецпадраздзяленнях. Пра гэта сведчыла і яго сур'ёзная экіпіроўка.
Цяпер праводзяцца пярвічныя следчыя дзеянні і праверка ўдзельнікаў злачыннай групы на дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці. Вырашаецца пытанне аб распачынанні крымінальнай справы за арганізацыю незаконнай міграцыі.