Дармаедамі з'яўляюцца таксама тыя, хто атрымлівае заробак у канверце.

Пра гэта ў нядзелю ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» заявіў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка, паведамляе БелТА

Тлумачачы паняцце сучаснага дармаедства, Сяргей Налівайка сказаў, што з аднаго гэта асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, а з другога — «свайго роду сацыяльныя ўтрыманцы, асобы, якія займаюцца нелегальным бізнэсам, атрымліваюць заробак к канвертах і не ў поўным аб'ёме выплачваюць падаткі».

Разам гэтыя дзве катэгорыі і з'яўляюцца дармаедамі, дадаў міністр.

Сяргей Налівайка адзначыў, што ў праекта дэкрэта аб стымуляванні працоўнай занятасці грамадзян прадугледжана норма, якая дазволіць грамадзяніну даказаць, што ён не з'яўляецца дармаедам.

«Грамадзянін мае права прыйсці ў падатковую інспекцыю, прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць, што ён не з'яўляецца дармаедам, што ён удзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных расходаў, і гэта будзе прынята. Калі нават будзе дапушчана памылка на ўзроўні падатковай інспекцыі, то ў грамадзяніна ёсць права звярнуцца ў суд», — праінфармаваў міністр.

На думку Сяргея Налівайкі, для эфектыўнай барацьбы з дармаедствам неабходна ўзмацняць меры адказнасці, ствараць атмасферу нецярпімасці да гэтай з'явы ў грамадстве, а таксама ўзмацняць прафілактычную працу, у тым ліку па лініі падатковых органаў.

Раней паведамлялася, што «дармаеды» могуць кампенсаваць дзяржаве аплату сацыяльных дабротаў. У прыватнасці, называлася лічба ў 20 б.в. у год (на сёння — 3,6 млн рублёў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0