Такое рашэнне прынятае сёння на папярэдніх слуханнях па справе ў Вярхоўным судзе.

Выдавец спадзяецца абскардзіць апошнюю з шасці адмоваў Мінінфарма ў выдачы прыватнаму выдавецкаму ўнітарнаму прадпрыемству «Логвінаў» ліцэнзіі на распаўсюджванне друкаванай прадукцыі. 

Выдавецтва было пазбаўленае ліцэнзіі ў верасні 2013 года за выпуск альбома «Прэс-фота Беларусі 2011», які суд Ашмянскага раёна палічыў экстрэмісцкім. 

У снежні 2014 года інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Цэнтральнага раёна Мінска па патрабаванні Мінінфарма правяла пазапланавую праверку ў кніжным магазіне «ЛогвінаЎ». Па выніках праверкі было заяўлена, што магазін займаецца рэалізацыяй друкаванай прадукцыі без ліцэнзіі Мінінфарма. 

9 студзеня гэтага года Эканамічны суд Мінска пастанавіў аштрафаваць прыватнае выдавецкае ўнітарнае прадпрыемства «Логвінаў» на 30 базавых велічыняў (5,4 млн. рублёў) за ажыццяўленне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама канфіскаваць даход, атрыманы юрыдычнай асобай у студзені—снежні 2014 года ў памеры большым за 960 млн. рублёў. 

Ігар Логвінаў не прызнае сябе вінаватым. Ён мяркуе, што рабіў усё магчымае для таго, каб не ўчыняць правапарушэнні. У прыватнасці, на працягу 2014 года кіраўніцтва ПВУП «Логвінаў» шэсць разоў спрабавала атрымаць неабходную ліцэнзію Мінінфарма, аднак па розных прычынах у выдачы такога дакумента чыноўнікі адмаўлялі. 

У каментарыі журналістам выдавец заявіў, што расцэньвае адмовы Мінінфарма ў выдачы ліцэнзіі распаўсюджвальніка друкаванай прадукцыі як вайну, якая цягнецца ўжо некалькі гадоў. «Ні ў адной краіне свету няма законаў, актаў, якія забаранялі б прадаваць кніжкі, не кажучы ўжо пра тое, каб друкаваць іх і выдаваць», — падкрэсліў Логвінаў.

20 студзеня ў 14.00 у кніжным магазіне «ЛогвінаЎ» плануецца прэс-канферэнцыя Ігара Логвінава.

Сёння пасля папярэдніх слуханняў у судзе выдавец сказаў журналістам: «Калі нам адмовяць, я думаю, далейшыя спробы атрымання рэгістрацыі немэтазгодныя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?