Я, спадары міністры, сплю і бачу, як яны лезуць з усіх бакоў, – памятаеце да болю знаёмую карту са школьнага падручніка? Адусюль пішчом лезуць, пхнуцца, ашчэрыліся штыкамі, памятаеце? Знаеце, на мяне яна зрабіла незабыўнае ўражаньне. Вочы заплюшчу і бачу як цяпер: адзін зь японскім прыжмурам, касавокі, другі пілсудчык, пшэк у сваёй канфэдэратцы, яшчэ белафін, румынская пыса. Ня твары – лычы, здаецца, як заплюшчыш вочы, з рогамі, з капытамі, з хвастамі, адным словам – нечысьць, пошасьць, інтэрвэнты. Як у той песьні, памятаеце: пагон англійскі, мундзір францускі, табак японскі, правіцель скоцкі!

— Спадары міністры, я тут колькі слоў скажу за нашага палкоўніка, увяду у курс справы. Камітэт харчовай бясьпекі прапануе антыінтэрвэнцкі закон, каб не чакаць, пакуль яны палезуць самі, а пачаць змаганьне, не адкладаючы ў «доўгую скрыню». А пачаць КХБ прапануе на ўнутраным фронце – разабрацца з памагатымі, з панікёрамі, распаўсюджвальнікамі чутак, дэзынфармацыі, супраць сабатажнікаў, супраць агентаў уплыву і апорных пунктаў будучай інтэрвэнцыі – кішэнных газэтак і гурткоў па інтарэсах.

— Так-так, як казаў адзін шахматыст: найлепшая абарона – гэта напад.

— Гэта будуць захады супраць нават ня ворагаў народу, а непрыхільнікаў, дробных паскуднікаў, калі казаць агульна. Слушна я кажу, палкоўнік?

—Так точна! Хто пнецца на амбары, на засекі нашай радзімы, як полчышчы мышэй і пацукоў ды розных іншых грызуноў. Хто зубы вострыць! Мы знайшлі ў апалай лістоце гранатамёт, стары, іржавы, але ж гэта зброя! Імі гітлерюгенд паліў нашы танкі ў Трэптаў-парку. Гэта ня жартачкі! Мы адшукалі склад кухонных нажоў. Памятаеце – «ноч доўгіх нажоў», памятаеце?

Іхняя мара – каб хлеба не хапіла аднойчы, каб голад пачаўся, галодныя бунты. Іхнія галадоўкі – суцэльная правакацыя. Паглядзіце на іх: як кабаны некаторыя, ім лячэбнае галаданьне не пашкодзіла б насамрэч. Масавыя галадоўкі падбухторваюць, дэстабілізуюць, ліюць ваду на млын спэцслужбаў. Карацей, ня мне вам казаць, чым гэта пагражае.

— На наш пірог, на наш каравай і хлеб-соль квапяцца! Рот разяваюць, пашчу сваю. Мы хлеб-соль ад чыстай душы, ад шчырага, як гаворыць наша крывадушная апазыцыя, сэрца – кожнаму замежніку, а некаторыя камень за пазухай маюць. Усіх абшукваць ня будзеш: галас узьнімецца!

— Напляваць у нашую студню прагнуць, нахаркаць!

— Дулі ў кішэнях трымаюць!

— Хлеб наш надзённы даваўся нам потам і крывёй. Вазы з хлебам, што кулакі хавалі, эшалёны з хлебам, наш хлеб пах порахам.

— Народ гаварыў: «Даруй, бацюхна», – калі акраец падаў са стала раптам.

— Зь мякінай наш мужык еў калісьці, як напісала паэтэса: «Цяжка жыць-трудзіцца, калі няма долі, жыта не радзіцца на мужыцкім полі…»

— «…І мусіш есьці за работу чорны хлеб зь мякіны!» Хлеб усяму галава! Няма хлеба – як без галавы будзеш, з пустым чэрапам. Хлеб мазгаўню нагадвае: у галаве павінна быць цеста, на якім, як на дражджах, усё павінна расьці – розныя задумы, ідэі, плянаў грамадзьдзё.

— Так, спадары міністры, з гэтым не паспрачаесься, дзякуй за разуменьне. Але хлеб, які ў народзе даўно й любоўна называюць «цаглінкай», – гэта падмурак дзяржавы, яе харчовай бясьпекі. З цаглін будуюць сьцяну – хоць нямецкую, хоць кітайскую, але ня толькі. З цэглы можна пабудаваць дом, крэпасьць, калгасны клюб, казарму, збожжасклад, фэрму жывёлагадоўчую, плот высозны вакол турмы, каб не ўцяклі. Так што харчовая бясьпека – гэта ня марны гук.

— Ды ніхто ня хоча, каб сала адбіралі, бохан, як фрыцы калісьці: матка, курка, яйка, млека – хутка!

— А потым карты зьявіліся – памятаеце? – з базамі натаўскімі навокал нашай свабодалюбівай краіны з ракетамі – «палярысамі», «тамагаўкамі», «пасэйдонамі»…

— Мы ведаем цану хлебу, цану жыцьцю. Калі была вайна, яны там другім фронтам абжыраліся, тушонкай, бананамі… А ў нас мерцьвякоў елі. Праўда, гэта была ваенная тайна, пра гэта было забаронена гаварыць, за гэта расстрэльвалі, за размовы… Самае цяжкае было з музэем правадыроў, цэлы полк НКВД сьцярог, яны ж там у вітрынах ляжаць безабаронныя.

— Гэта, між іншым, адно са сьведчаньняў перавагі нашай навукі над іхняй. У іх там толькі муміі эгіпецкія – высахлыя, перабінтаваныя, есьці няма чаго. Нашы правадыры – як жывыя, кроў з малаком, выглядаюць цалкам ядома, апэтытна, можна сказаць. Ляжаць і не псуюцца, нібы сьвятыя, сьвежыя шчокі ружовыя, як тыя галяндзкія яблыкі, якія чарвяку недаспадобы. А яны, фараоны ў сэнсе, дарэчы, і катоў сваіх гэтак жа хавалі – цэлыя могілкі кашэчых мумій сьпятрэлых, на зуб ня возьмеш. Вось так. Цяпер, між іншым, рассакрэцілі, што ня толькі трупы елі, а таксама ўсіх катоў і сабак за месяц зжэрлі нашы абложнікі.

— Гэта трыюмф нашых дактароў, нашых навуковых сілаў – правадыроў захоўваць ня горш за жывых нават пасьля заўчаснага скону – можна сказаць, вылечыць ад сьмерці. І вось яны хочуць замахнуцца на нашы сьвятыні, на наш хлеб духоўны! Я скаланаюся пры думцы, што яны ўжо востраць нажы на дарагога Лукіча: хто сьцягно, хто лытку, хто, прабачце, шчыкавіну. Па тэлеку паказвалі: «дзермакраты», бізнэсмэны і алігархі – вялізны торт для кнігі рэкордаў – у выглядзе «Лукіч у труне». Ляжыць, нібы на далоні. Гэта, праўда, ня ў нас, мы б іх усіх – у клетку без размоў, на хлеб і ваду, на хлеб і ваду! Яны Лукіча – па кавалках на талерцы, ды з шампанскім, ды з гарэліцай – швэдзкі стол, фуршэт!

— Мы таксама бачылі, таксама тэлек глядзім. Як шакалы вакол стала – штурхаюцца, каб кавалак большы схапіць, кожны сьпяшаецца, жарэ і назад – лакцямі працаваць, спрабуе самую смачную частку – ня проста чорна-шакалядны кавал нагі, калашыны ці чаравік са шнуркамі, а далонь Лукіча або нават чырвоны бант рэвалюцыйны ці ўвогуле – каб з галавы чагось адхапіць, адцяць, атрымаць у талерку – нос, вока, рот або сьвісток, як цяпер гавораць, – вусны, зубы. Іншаму карціць кус геніяльнага лоба нашага дарагога Лукіча! А сэрца, сэрца правадыра! Чорная шакалядная чырва!

— А я, калі тэлек глядзеў, чамусьці ўсё думаў пра ныркі спачатку, расольнічак з ныркамі. Кавалак мазгоў таксама ўяўляў – жах! А яшчэ – страшна падумаць, кашчуннае блюзьнерства – адцяць кавалак, які ў нагавіцах! Гэта нечувана, спадары міністры! Садызм, злачынства супраць усяго прагрэсіўнага чалавецтва!

— А што яны ў сваіх газэтках пішуць пра Лукіча? Ганьба! Што Лукіч іхняга дучэ хваліў! Галоўная справа – за што? Ідыёты! Ды мне брыдка уявіць – каб адрэзаць сабе кавалак Лукіча і зьесьці, салодкага торта апрыклага.

— Трупнае мяса саладжавае, гавораць, нібы бульба падмарожаная, – мэдыцынскі факт!

— Ну што вы, Іван Казімеравіч, мы ж не абложнікі з вамі!

— А вы ведаеце: пісалі заўсёды, што напалеонаўская гвардыя пажырала сваіх коней, маўляў, ледзь не здыхляціну. А як на мяне, каніна – вельмі смачнае мяса. Мы нашых скакуноў прадаём нашчадкам дучэ на каўбасу і радуемся!

— Ну пры чым тут каніна! Яны, інтэрвэнты, на нашы прыпасы іклы востраць, на нашы сьвятыя мошчы!

— Кавалак мазгоў – гэта агідна!

— Чаму ж, у нас у кулінарыі пастаянна – мазгі смажаныя, жонка бярэ мая, смачна.

— Дык гэта ж сьвінячыя мазгі, сьві-ня-чы-я!

— Сьвінячыя, ясна. Раней каровіны прадавалі, гавораць цяпер – шкодныя.

— Правільна! А мы ж пра Лукіча гаворку вядзём! Пра Лукіча! Пра нашы сьвятыні, пра ідэалы, пра скарб!

— А дарэчы, яны, ну – алігархі ці там іхнія кухары з рэстарану «Пэкін», яны ня проста цеста сьпяклі, а – каньяком прапіталі, дзе сэрца, без крадзяжу, у іншых месцах – лікворы, брэндзі «Напалеон», а ў галаве – арэхі: мускат, фундук, арахіс, кэш’ю.

— Арэхі?

— Ну вы ж разумееце: дактары пісалі, калі яму трэпанацыю зрабілі, мазгі былі ці палова – з валоскі гарэх. А ён сам, гарэх, нагадвае мазгі.

— Не, штосьці мне больш ня хочацца смажаных…

— А я чытаў, торцік атрымаўся дэлікатэсны: у калашынах труфэлі, у пінжаку марцыпаны… Жанчынкі ажно вішчэлі! Аматаркі цукровай пудры і салодкай ваты.

— Аматаркі клубнічкі!

— Смажаных фактаў, салёных сэнсацый!

— А я чытаў, крэм быў выкарыстаны не такі заўсёдны з маргарыну, а суфле, птушынае малако, такі не прыядаецца.

— Выбіраць з тулава разынкі – немаральна!

— Вы падумайце, вы ўявіце: каб нам паставілі пасярэдзіне Лукіча ў выглядзе торта. Мы тут сядзім, абмяркоўваем, працуем, а потым – перапынак, кава-брэйк з торцікам.

—Так, ляжыць сабе, склаўшы рукі, гузікі з цукерак… А рукі зрабілі чырвоныя: маўляў, па локці ў крыві. Ганебна!

— Ужо лепей бы зьесьці не Сярпова-Молатава, а…

— Урупіна? Наркама харчоў?

— Ды пры чым тут наркам? Зьесьці якога-небудзь Чэмбэрлена, ці Керзана, ці ўвогуле графа Дракулу.

— Дракулу? Ды ў ім крывішчы будзе – насмактаўся як камар!

— Апазыцыя хоча прадаць наш музэй правадыроў міжнароднаму трыбуналу з усімі вантробамі! Гэта абы што! Дзе іхняя мазгаўня?! Нейкі халадзец, студзень!

— Геніяльны мысьліцель, сьветлая галава, калектыўныя мазгі пралетарыяту! А яны зь яго торт. Каб хоць бы што больш людзкае ў сэнсе закускі – сальцісон ці пячоначны рулет, я ўжо не кажу пра каўбасіну, пальцам пханую. Зусім без мазгоў – зрабіць з чалавека крэм-бруле якоесьці!

— А ведаеце, чым зэльц ад сальцісону адрозьніваецца? Мне прадаўшчыца ў краме сказала: зэльц горшы, там усякія амаль рогі-капыты, толькі чарніла закусваць або самагон ня лепшай якасьці.

— Мы незалежныя, пакуль у нас свая бульба, сваё сала і хлеб. Гаспадыня, якая вечна пазычае соль і запалкі, паступова трапляе ў няволю (робіцца залежнай). Яна залежыць ад ласкі розных дабрадзеяў. Яна мусіць прасіць, прыніжацца. А бясплатны сыр толькі ў мышалоўцы – запомніце!

— Лепей ня спаць, каб ня бачыць: вузкавокая плойма, як саранча, на нашых зялёных палетках і сківіцамі працуе як жорнамі…

— А мы іх з «максіма». На тачанцы: тра-та-та!

— «На граніцы тучы ходзяць хмура, край суровы цішынёй аб’ят, ля высокіх берагоў Амура вартавыя родзіны стаяць!»

— «У гэту ноч рашылі самураі перайсьці граніцу ля ракі».

— «Тры танкіста, тры вясёлых друга, экіпаж машыны баявой!»

— «Тры танкіста выпілі па трыста, а вадзіцель выпіў дзьвесьце грам!»

— Не! «А кіроўца выпіў цэлы літар!» Гэх!

— Налівай, хлопцы! Усе ў буфэт!

2–4 лістапада 2005 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0