Мінскі аўтамабільны завод спыняе галоўны канвеер на 10 дзён. Рабочых адправяць у вымушаныя адпачынкі. Падобныя праблемы могуць закрануць ўсю машынабудаўнічую галіну.

Як растлумачылі Naviny.by на Мінскім аўтазаводзе, за апошні час ёмістасць рынку аўтамабільнай тэхнікі моцна ўпала. Па гэтай прычыне прадпрыемства адчувае цяжкасці са збытам.

«Справа не толькі ў тым, што МАЗ не прадае аўтамабілі. КАМАЗ стаіць рэгулярна. Volvo наогул закрыла сваю зборачную вытворчасць у Калузе. Гэта значыць, мы трапілі пад сусветную тэндэнцыю, калі якой бы якасці не былі аўтамабілі, яны не будуць прадавацца, бо няма попыту на сусветным рынку аўтамабільнай тэхнікі», — распавялі нам на заводзе.

Па дадзеных расійскага аналітычнага агенцтва «Аўтастат», у мінулым годзе на расійскім рынку МАЗ рэалізаваў на 22,7%, або на 2238 грузавых аўтамабіляў менш, чым у 2013 годзе.

За два месяцы гэтага года Мінскі аўтазавод прадаў у Расію 794 грузавыя аўтамабілі, што на 38,2% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Сітуацыя прымусіла прадпрыемства праводзіць больш гнуткую палітыку вытворчага працэсу, каб не працаваць на склад.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, МАЗ спыняе канвеер па вытворчасці грузавікоў з 27 сакавіка па 6 красавіка. Рабочых адправяць у адпачынкі з захаваннем дзвюх трацінаў ад заробку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0