26 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна г. Брэста адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да сябра ГА «БАЖ» Алеся Ляўчука. Вынікі сталі вядомыя сёння. Як паведаміў А. Ляўчук у сваім фэйсбуку, ён аштрафаваны на 21 базавую велічыню (3,78 млн рублёў).

Пра тое, што суд мае адбыцца менавіта ў гэты дзень, журналіста папярэдзілі ў міліцыі 18 сакавіка – тады ўчастковы інспектар Маскоўскага РАУС г. Брэста, капітан міліцыі Раман Трафімук склаў адміністрацыйны пратакол на журналіста за парушэнне ч. 2 арт. 22.9 КаАП.

Падставай для завядзення адміністрацыйнай справы стаў матэрыял на сайце «Белсата» за подпісам «АЛ». Участковы меў пры сабе раздрукоўкі гэтага ды іншых матэрыялаў з сайта, а таксама закона «Аб СМІ». Са словаў міліцыянта вынікала, што аўтарства Алеся Ляўчука нібыта пацвердзіла міліцыі суразмоўца журналіста. 

«Калі мае адбыцца судовае паседжанне, вырашае суд, а не міліцыя, – падкрэсліў у гутарцы са службай маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Алесь Ляўчук. – Ніякай позвы я не атрымаў і пра час разгляду справы ня ведаў. Калі я патэлефанаваў у суд Маскоўскага раёна, то высветліў, што справу разглядалі без майго ўдзелу. Пры гэтым і мне, і іншым журналістам у судзе адмовіліся даваць інфармацыю пра прынятае рашэнне. Мяркую, што праз пару дзён я даведаюся, што мяне пакаралі чарговым штрафам»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0