Пра гэта гаворыцца ў заяеа прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешняга дзеяння з нагоды падаўжэння турэмнага тэрміну палітвязня Мікалая Дзядка.

«Рашэнне беларускага суда падоўжыць тэрмін зняволення для палітычнага зняволенага Мікалая Дзядка нібыта за парушэнне правіл распарадку турмы і адмова задаволіць яго скаргу на прысуд вартыя шкадавання. Спадара Дзядка павінны былі вызваліць 3 сакавіка 2015 года. Падаўжэнне тэрміну яго зняволення прымушае задумацца пра матывы, якія прывялі да гэтага рашэння.

Важнасць, якую ЕС надае пытанню палітычных зняволеных у кантэксце адносін паміж ЕС і Беларуссю, застаецца нязменнай. Мы заклікаем улады Беларусі перагледзець прысуд спадара Дзядка, вызваліць яго неадкладна і вызваліць ўсіх пазасталых палітычных вязняў», — гаворыцца ў заяве.

***

26 лютага 2015 г. суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў палітвязня Мікалая Дзядка вінаватым у злосным парушэнні рэжыму і прысудзіў яго да года і трох дзён пазбаўлення волі. Тэрмін зняволення Дзядка заканчваўся 3 сакавіка, аднак прызнанне судом яго вінаватасці ў новым злачынстве адтэрмінавала выхад на волю.

Дзядок быў асуджаны 27 мая 2011 года. Суд Заводскага раёна Мінска прыгаварыў яго да чатырох з паловай гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму па ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства). Як мяркуюць праваабаронцы, падставай для прыгавору Дзядку стаў яго ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту каля Міністэрства абароны супраць сумесных расійска-беларускіх ваенных вучэнняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0