Аляксандр Лукашэнка 8 чэрвеня падпісаў указ №235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці». Аб гэтым БелТА паведамілі ў прэс-службе беларускага кіраўніка.

Дакумент прыняты ў мэтах устойлівага развіцця Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага, Слаўгарадскага, Хоцімскага і Чэрыкаўскага раёнаў. Для гэтага ўказ прадугледжвае стварэнне неабходных умоў і некаторых прэферэнцый. Так, для фізічных асоб даецца льгота па выплаце падаходнага падатку. Вызначаецца стаўка ў памеры 10% з даходаў, атрыманых па працоўных дамовах (кантрактах) ад арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, зарэгістраваных на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці з 1 ліпеня 2015 г. па 31 снежня 2020 года, якія займаюцца тут вытворчасцю тавараў (выкананнем работ, аказаннем паслуг) на працягу 7 гадоў з пачатку такой дзейнасці.

Для наймальнікаў і камерцыйных арганізацый, зарэгістраваных на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці з 1 ліпеня 2015 г па 31 снежня 2020 года, якія на працягу 7 гадоў займаюцца тут вытворчасцю тавараў (выкананнем работ, аказаннем паслуг), указам прадугледжаны льготы па абавязковых страхавых узносах па страхаванні выпадкаў дасягнення пенсіённага ўзросту, інваліднасці і страты карміцеля (пенсійнае страхаванне) у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Такія страхавыя ўзносы указам вызначаныя ў памеры 24%.

Грамадзяне Беларусі, якія будуць будаваць (рэканструяваць) або набываць жылыя памяшканнi ў населеных пунктах паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці, змогуць атрымліваць на гэта льготныя крэдыты тэрмінам да 20 гадоў пад 1% гадавых. Пры гэтым неабходна ажыццяўляць працоўную дзейнасць на тэрыторыі рэгіёна не менш за 10 гадоў з моманту атрымання такіх крэдытаў.

Указам таксама прадугледжана, што Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў да 1 жніўня 2015 года зацвердзіць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці на перыяд да 2020 года, якая была распрацавана Магілёўскім аблвыканкамам у мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы.

У праграме запланаваны мерапрыемствы па стварэнні новых і павышэнні эфектыўнасці дзейных вытворчасцей ва ўсіх галінах эканомікі, у тым ліку арыентаваных на перапрацоўку мясцовых прыродных рэсурсаў і сельскагаспадарчай сыравіны. Агульны аб'ём фінансавання мерапрыемстваў праграмы складае Br 2 трлн 520, 8 млрд.

Указ уступае ў сілу з 1 ліпеня 2015 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?